«Бо я беларуска». Экс-гімнастку Меліціну Станюту не бяруць на працу за мяжой. Гэта не адзіны падобны выпадак
Балючае рэха вайны ва Украіне. Выглядае, што за мяжой паўстае праблема дыскрымінацыі беларусаў як прадстаўнікоў краіны-агрэсара.
Гімнастка Меліціна Станюта ў сваім Instagram заявіла, што ёй
адмовілі ў працы з-за беларускага грамадзянства.
«Учора я атрымала дзве адмовы па працы, таму што ў мяне беларускі пашпарт, — напісала праўнучка знакамітай беларускай актрысы Стэфаніі Станюты. — Мы ўжо дамаўляліся аб умовах і іншым, калі яны мне сказалі, што паколькі я беларуска, яны не могуць мяне прыняць на працу.
Я хачу сказаць зноў, што большасць беларусаў супраць вайны.
У Беларусі саміх беларусаў не слухалі гадамі. Нашы галасы не былі пачутыя ні ў
2020-м годзе, ні раней, ні цяпер.
У 2020 годзе ўвесь свет убачыў масавыя пратэсты да, на
працягу і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Беларусь стала краінай моцных
жанчын, якія былі лідарамі пратэстнага руху. Усе часопісы і газеты публікавалі
фатаграфіі смелых беларусак з кветкамі.
Пратэсты ў Беларусі былі ў 2010, 2007, 2006, 2004, 2002
[гадах] і гэтак далей, і гэтак далей.
Я беларуска, і я хачу, каб мяне пачулі!»
Гэты выпадак дыскрымінацыі не адзіны. Учора ў сеціве былі паведамленні пра аналагічныя эксцэсы. Так, у нейкіх краінах перастаюць прымаць карткі нават непадсанкцыйных беларускіх банкаў, беларусаў высаджваюць з эвакуацыйных цягнікоў з Украіны на Захад, а дзеці беларусаў зазнаюць булінг у замежных школах.
Выглядае, што праблема можа набыць сістэмны характар.