«Больш няма на каго вешаць». Жыхарку Гомеля асудзілі на 75 сутак

Чарговы арышт на месяц атрымала жыхарка Гомеля Анастасія Перавошчыкава. Яна ўжо была асуджаная на 15 сутак па тры разы. Цяпер — яшчэ два разы па 15 дзён. Агулам у ІЧУ Анастасія мусіць правесці 75 сутак, піша Свабода.

Адна з акцый у гомельскім раёне Навабеліца

Адна з акцый у гомельскім раёне Навабеліца

«Мне Дзмітрый Кротаў — міліцыянт з Навабеліцкага РАУС, заявіў, што „больш няма на каго вешаць, апроч яе, бо ў некаторых дзеці, а іншыя з'ехалі за мяжу“. Так ён патлумачыў тое, што Насцю ў чарговы раз пакаралі арыштам. Суд быў учора. Ні я, ні адвакат пра яго не ведалі», — распавяла Алена, маці Анастасіі.
Анастасію судзяць, паводле маці, за нейкія здымкі з бел-чырвона-белым сцягам і па паказаннях чалавека, які сцвярджае, што дзяўчына ўдзельнічала ў «партызанінгу».
«Міліцыянт заявіў, што ў іх ёсць нібыта дзесяць эпізодаў на дачку, і па кожным яны будуць даваць па 15 сутак», — расказала яе маці.
«У мяне дома і дзядулі Насці — ветэрана, праводзілі вобшукі. 6 лютага дачка выйшла з першых 15 сутак, а 8 лютага яе зноў забралі, і з таго часу толькі дадаюць чарговыя суткі! Яе дапытвалі ў міліцыі: „Каго ты ведаеш, дай паказанні на іншых, здай раённы сцяг“. Але калі яна не ведае, дзе сцяг, калі яна не ведае — хто тыя людзі, якія стаялі са сцягамі? Яна не можа здаць людзей міліцыянту, бо не ведае іх, а ён — злуецца! І дае чарговыя суткі», — зазначыла маці.
Кожны раз яна сутыкаецца з цяжкасцямі пры перадачах дачкі.
«То яблыкі не бяруць, то пернікі, то кнігі. Паперу для яе не ўзялі, лісты не даходзяць... адзін да мяне дайшоў, ад Насці, яна піша на чацвёртай частцы аркуша, што ў яе няма паперы...», — дадала Алена.