Браслаў. Глыбокае. Вашунава. Мядзел. Талачын

Браслаў. Падарожжа па святынях

Браслаў. Падарожжа па святынях
Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры запрашае ўсіх у сяброўскае падарожжа «Па азёрнаму краю». Яно распачынаецца 20 чэрвеня і пройдзе па маршруце: Пераброддзе (касцёл Сэрца Езуса і Георгіеўская царква кан. ХІХ — пач. ХХ стст.), Іказнь (касцёл Божага цела і Мікольская царква кан. ХІХ — пач. ХХ стст.), Браслаў (касцёл Раства Панны Марыі ХІХ ст., Успенская царква кан. ХІХ ст.), Пеліканы (касцёл Св. Якуба пач. ХХ ст.), Дрысвяты (Петрапаўлаўскі касцёл 20-х гг. ХХ ст. у закапанскім стылю, Петрапаўлаўская царква кан. ХІХ ст.), Відзы (Святатроіцкі касцёл пач. ХХ ст., стараверская царква 20-х гг. ХХ ст., магіла Тамаша Ваўжэцкага) і інш.
Арганізатары маюць на мэце пазнаёміць удзельнікаў вандроўкі з гісторыяй краю, а таксама прыцягнуць увагу грамадскасці да святыняў, якія неабходна аднаўляць, захоўваць і шанаваць.
Глыбокае. Штучная зона адпачынку
На месцы былой пустэчы на ўсходнім беразе возера Кагальнае будзе створана зона адпачынку. На дадзены момант там інтэнсіўна адбываюцца земляныя работы. На месцы невялікага балотца зробленыя некалькі штучных сажалак. Пасярэдзіне насыпана круглае па форме ўзвышша, акружанае кальцавым ровам. Адбываецца выраўніванне берагавой лініі возера Кагальнае. Побач будзе ўладкаваная аўтастаянка.
Вашунава. Цвікі вартыя гістарычных экспанатаў
Невядомыя злодзеі абрабавалі этнаграфічны музей «Засцянковая хатка» ў Вашунаве, што пад Параф’янавам. Злодзеі ўзламалі дзверы і вынеслі з памяшкання цвікі, малаткі ды іншыя інструменты. Экспанаты музею зламыснікаў не зацікавілі.
«Засцянковую хатку» стварыў у дзедавай хаце старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юры Гіль, які памёр летась у Вільні. «Засцянковая хатка» была месцам сустрэчаў, на якія некалькі разоў на год збіраліся родныя сп. Гіля ды прыхільнікі беларушчыны з Вільні ды з розных месцаў Беларусі.
Мядзел. Творцы пайшлі ў народ
Творчыя сустрэчы з пісьменнікамі Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком адбыліся ў бібліятэках Мядзельскага раёна. Пісьменнікі наведалі Будслаў, Крывічы і Княгінін. Мінулая сустрэча з беларускімі пісьменнікамі ў будслаўскай бібліятэцы адбылася ў 1971 годзе, калі мястэчка наведалі Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч.
Талачын. Нечыстоты людзям
Мясцовыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» зафільмавалі факт, як у раку Друць асенізатарская машына ЖКГ злівае нечыстоты. Відэадакумент прадстаўлены эколагам. Мясцовае кіраўніцтва маўчыць, бо, мусіць, без яго згоды такое рабіць немагчыма.