Брат Наталлі Хершэ расказаў пра яе жыццёвы шлях і затрыманне
Брат асуджанай за знятую балаклаву швейцарскай грамадзянкі жыве ў Маладзечне. Ён расказаў «РГ» пра сястру
Гэты верасень беларуска Наталля Хершэ планавала правесці з каханым чалавекам у Італіі. А апынулася ў беларускай турме. Два з паловай гады жанчына атрымала за сарваную з амапаўца балаклаву.
Гісторыю сваёй роднай сястры, грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ, нам расказаў жыхар Маладзечна доктар Генадзь Касьян.
Хацеў расказаць і ў аршанскую газету, каб пра Наталлю больш даведаліся землякі. Але, па словах Генадзя, у роднай Оршы газет, якія б маглі напісаць гісторыю сястры, ужо даўно няма.
У Беларусі не бачыла будучыні для дзяцей
– Мы з Наташай з Оршы. Бацькі разышліся, калі мне было чатыры, а сястры – два з паловай гады. Але бацька не кідаў нас. Летнія канікулы мы з сястрой часта бавілі на яго радзіме – у Пружанах, – прыгадвае Генадзь дзяцінства.
Адносіны ў брата з сястрой заўсёды былі добрыя. Разам вучыліся ў школе №17 у Оршы. Пасля школы Генадзь пайшоў у войска, потым паступіў у медінстытут. Наталля вывучылася ў аршанскім тэхнікуме на бухгалтара, а затым атрымала прафесію эканаміста ў тагачасным наргасе. Выйшла за аршанскага хлопца, нарадзіліся сын і дачка. Аднак з мужам жыццё не склалася, разышліся. Праўда, былы муж па магчымасці клапаціўся пра дзяцей.
– Наташа працавала бухгалтарам у раённым аддзеле сацыяльнага забеспячэння ў Оршы. Было нялёгка – маленькія дзеці, нетрывалае матэрыяльнае становішча, адсутнасць будучыні для сябе і для дзяцей, – дзеліцца брат.
Урэшце жанчына сказала родным: «Не хачу да пенсіі хадзіць на працу і з працы ў аддзел сацзабеспячэння, атрымліваць жабрацкі заробак, жыць без будучыні для сябе і дзяцей…». Адзіным выйсцем бачыла ад’езд за мяжу.
Хацела, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю, жылі ў дэмакратычнай, цывілізаванай еўрапейскай краіне.
Родныя падтрымалі рашэнне Наталлі. Па інтэрнэту яна пазнаёмілася з мужчынам са Швейцарыі Бруна Хершэ. Атрымала ад яго выклік і паехала за мяжу. Пакуль уладкоўвалася ў новай краіне, мама Наталлі гадавала яе дзяцей-школьнікаў. Калі ж беларуска атрымала афіцыйную працу і стала жонкай Бруна, яна забрала і іх у Швейцарыю. А ў 2016 годзе Наташа і яе дзеці атрымалі грамадзянства.
Бруна быў вельмі простым, добрым чалавекам. Клапаціўся пра Наталлю, не падпускаў яе да пліты. У дзяцей было ўсё. Калі прыязджаў у Оршу, падарыў Наташынай маме пральную машыну. Два гады таму Бруна памёр. І праз пэўны час у Наталлі склаліся адносіны з іншым швейцарцам – айцішнікам Робертам.
Адразу па прыездзе дзецям Наташы было цяжкавата ў новай краіне. У школу мусілі пайсці на клас ніжэй. Але дачцэ, Віялеце, нямецкая мова давалася лёгка. Яшчэ ў Беларусі яна была пераможцай рэспубліканскай алімпіяды. З часам засвоіў мову і сын, Фёдар.
На сёння дзеці ўжо скончылі школу. Фёдар не захацеў вучыцца далей і пайшоў працаваць спецыялістам па рамонце аўтамабіляў да прыватнага прад- прымальніка. А Віялета стала студэнткай Цюрыхскага ўніверсітэта, вучыцца на псіхолага.
У Швейцарыі цэняць і добра аплачваюць любую сумленную працу
Наталлі ж беларускі дыплом аб вышэйшай адукацыі аказаўся абсалютна непатрэбным. З дапамогай Бруна яна ўладкавалася прыбіральшчыцай на прыватны бровар. Працавала сумленна. Праз пару месяцаў гаспадар пабачыў, што новая работніца можа больш. Наталлю перавялі ў лабараторыю якасці. А вышэйшая пасада – значыць, вышэйшы аклад. Жанчына пасябравала з калегамі, набыла аўтарытэт.
Яшчэ з дзяцінства яна мела талент да малявання. Алоўкамі стварала адзенне для папяровых лялек. Але ў Беларусі з-за штодзённых клопатаў і нястачы закінула любімы занятак. За мяжой з’явілася больш грошай і вольнага часу. Таму яна змагла вярнуцца да рысавання. Чытала кнігі пра выяўленчае мастацтва, пачала ствараць партрэты знаёмых алоўкам.
Якім жа было здзіўленне Наталлі, калі знаёмыя і незнаёмыя людзі пачалі замаўляцьу яе партрэты і нават плаціць за гэта грошы – па дзвесце швейцарскіх франкаў за адзін партрэт. Гэта прыкладна 575 беларускіх рублёў.
– Сястра была так рада, што займаецца любімай справай і яшчэ атрымлівае за гэта грошы. А ў Швейцарыі – гэта звычайная справа. Там любая прафесійная сумленная праца ацэньваецца належнымі грашыма. І вышэйшая адукацыя цэніцца. Чым больш ты ўкладваешся ў вучобу, тым большы заробак пасля атрымліваеш.
У Рамансхорне, дзе жылі Наташа і Бруна, прайшла яе персанальная выстава карцін у прыватнай галерэі. Пра выставу шмат пісалі ў СМІ. Пасля гэтага Наталля ездзіла на двухтыднёвыя курсы па жывапісе акварэллю ў Санкт-Пецярбург.
За месячны заробак магла набыць аўтамабіль
У Наташы ўсё было добра і ў асабістым жыцці, і ў матэрыяльным плане. Генадзь цешыўся з сястры:
– Сям’я Наташы здымала шыкоўную пяціпакаёвую кватэру на беразе маляўнічага Бадэнскага возера. А за адзін свой заробак сястра магла набыць 6-7-гадовы аўтамабіль. Пры гэтым, па швейцарскіх мерках, яна не была багатай.
Два разы Генадзь з дзецьмі гасцяваў у Наталлі. Сястра паказвала ім мясцовыя славутасці, вадзіла ў Альпы. Госці былі ўражаныя маляўнічасцю горнага возера і знаходжаннем на вышыні ў тры тысячы метраў.
Параўноўвала жыццё ў Беларусі і Швейцарыі
Паліычныя погляды Наталлі складваліся паступова, кажа Генадзь. Сястра была ў шматлікіх еўрапейскіх краінах. Бачыла, як там жывуць людзі, як дзяржава ставіцца да сваіх грамадзян, на якім узроўні там дэмакратыя.
Беларуска была ўражаная, што ў Швейцарыі выбары прэзідэнта ладзяць штогод. І тым, што ў швейцарскім горадзе Сант-Галене гараджане выбіраюць мэра, сабраўшыся на плошчы і падымаючы рукі.
– Наталля ўвесь час параўноўвала Беларусь з іншымі еўрапейскімі краінамі. Адзначала, што ідуць гады, а ў нас нічога не мяняецца да лепшага. Што ў людзей з вышэйшай адукацыяй – жабрацкія заробкі, ды і працу не знайсці, – кажа Генадзь. – Асабліва сястра пачала цікавіцца палітыкай пасля выбараў 2010 года.
Патэлефанавала ў амбасаду і падзякавала за сумленныя выбары
Разам з беларусамі Швейцарыі сёлета ў жніўні Наталля выбірала прэзідэнта Беларусі. Калі ў амбасадзе падлічылі галасы, аказалася, што за Лукашэнку прагаласавала ў сем з паловай разоў менш, чым за Ціханоўскую. Даведаўшыся пра вынікі, беларуска патэлефанавала ў амбасаду і падзякавала за сумленны падлік. І прыкладна такіх лічбаў чакала ад выбараў у Беларусі.
– Ад мяне і ад сваіх сяброў з Беларусі Наталля ведала пра тое, што адбывалася ў Маладзечне і іншых гарадах пасля 9 жніўня. Вельмі перажывала, што не можа быць са сваім народам.
Зваротны білет не спатрэбіўся
Сёлета Наталля Хершэ не планавала ехаць у Беларусь. Думалі з Робертам правесці адпачынак у Італіі. Але ў мужчыны адпачынак сарваўся. Тады Наталля нават узрадавалася. Вырашыла на дзесяць дзён з’ездзіць у Беларусь.
Патэлефанавала і сказала брату: «Я прылятаю. Не абмяркоўваецца!»
На радзіму Наталля прыляцела 10 верасня, а зваротны білет быў на 21. Спынілася ў сваёй сяброўкі Алены ў Мінску. Разам хадзілі на дваровыя канцэрты, жаночыя маршы. Цешылася, што Беларусь становіцца новай. Кожны дзень была ў добрым настроі.
– За дзень да затрымання сястры мы з дзецьмі прыехалі да яе ў Мінск. Наталля прывезла нам шмат падарункаў. Яна заўсёды шчодра адорвала замежнымі гасцінцамі не толькі родных, а таксама дзяцей сваіх сябровак. Зайшлі ў кавярню, пасядзелі каля дзвюх гадзін. Я папрасіў сястру быць асцярожнай. І развіталіся, – прыгадвае суразмоўца падзеі верасня.
У нядзелю Наталля патэлефанавала брату, сказала, што ідзе на акцыю да Камароўкі. Дома Генадзь глядзеў жывы эфір:
– Бачыў, як сястра прыгожая, яркая, гордая, з узнятым бел-чыр-вона-белым сцягам ідзе сярод удзельнікаў шэсця.
Нават зрабіў скрын і адаслаў ёй на вайбер. Пасля ўбачыў, што кагосьці затрымліваюць. Пачаў званіць Наташы. Яна паспела яшчэ зняць трубку, пачуў узрушаныя галасы. А пасля Наталля сказала, што іх затрымліваюць. Зразумеў, што ў хуткім часе тэлефон стане недаступным. Так і адбылося. Але з аўтазака яна яшчэ паспела напісаць пра затрыманне свайму Роберту ў Швейцарыю.
Вечарам таго ж дня многіх сталі адпускаць. На Акрэсціне засталося каля 30 жанчын. Сярод іх – Наталля. Пазней сваякі знайшлі яе ў спісах «Вясны». Генадзь здзівіўся, калі даведаўся, што сястру будуць судзіць па артыкуле 363.2 Крымінальнага кодэкса – супраціўленне міліцыянеру з прымяненнем гвалту або пагрозай яго прымянення. Яшчэ не разумеючы, адкуль крымінальная справа, разам з сяброўкай Наташы Генадзь знайшоў адваката.
Пра абставіны затрымання выпадкова даведаўся з відэа:
– Бачу ў інтэрнэце загаловак: «Жанчына здымае балаклаву з амапаўца». Уключаю і гляджу: гэта ж мая Наташа! Але моманту зрывання на відэа не было. Толькі, як Наташа трымаецца за балаклаву рукой. А пасля ўбачыў, як яе нясуць у аўтазак.
Адвакат папярэджваў суд: Падумайце пра імідж Беларусі ў свеце
Пачаліся судовыя пасяджэнні. Генадзь быў на першым і на другім. Адвакат знайшоў шмат супярэчнасцяў у паказаннях камандзіра АМАПа і яго падначаленага, пацярпелага Сяргея Кончыка. Не маглі паказаць відэа ні з камер назірання, ні з нагрудных камер амапаўцаў.
Адвакат настойваў на тым, каб перакваліфікаваць справу ў адміністрацыйную. Звяртаў увагу, што справа мае міжнароднае значэнне, што імідж Беларусі ў свеце вельмі пацерпіць.
На судзе Наталля казала, што яна, доўгі час пражыўшы ў дэмакратычнай краіне, вельмі спалохалася, калі на маршы яе пачалі затрымліваць невядомыя людзі ў аліўкавым адзенні без апазнавальных знакаў, са схаванымі тварамі, не прадстаўляючыся.
А апошняе слова Наталлі Хершэ было наступным: «Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне. Дэмакратычныя прынцыпы свабоды з’яўляюцца неабходнымі прынцыпамі кіравання на ўсіх узроўнях улады. І правы свабоды слова і мірных сходаў дакладна вызначаныя Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай. Дзе міліцыянеры не хаваюць сваіх твараў перад мірнымі дэманстрантамі. Менавіта такой я бачу сваю Радзіму. Беларусь будучыні. Свабодную Беларусь!»
Прысуд не быў нечаканасцю
– Прысуд – два з паловай гады – не быў для мяне нечаканасцю. Але я ўсё ж думаў хаця б пра год ці паўтара. А тут прысудзілі роўна столькі, колькі прасіў пракурор. А вось для Наташынага Роберта прысуд стаў шокам. Ён быў упэўнены, што Наташу адпусцяць і Новы год яны сустрэнуць разам.
Генадзь адзначыў, што з боку Швейцарыі шмат робіцца для вызвалення Наталлі. Паказальна тое, што ў панядзелак абвясцілі прысуд, а ў пятніцу такая нейтральная краіна, як Швейцарыя, далучылася да санкцый Еўрасаюза і замарозіла актывы Лукашэнкі. Швейцарскія СМІ шмат пішуць пра Наталлю. Яе справай займаюцца на ўзроўні парламента.
Днямі Наталля са сваім адвакатам падалі на абскарджанне прыгавору.
– Аднак мы не асабліва верым, што суд нешта зменіць. У Наташынай сітуацыі нешта памяняць змогуць палітычныя падзеі, – дзеліцца Генадзь.
Настрой выдатны, нягледзячы ні на што
Цяпер Наталля сядзіць у СІЗА на Валадарцы. Малюе партрэты сваіх сукамерніц. Днямі даслала брату ліст з такімі словамі: «…Настрой мой, нягледзячы ні на што, выдатны. Усё будзе, як павінна быць. І ніяк інакш. Тое, што спачатку падаецца катастрофай, можа стаць вялікім, вялікім шанцам. Веру, што так яно і ёсць».
Магчыма, нехта з нашых чытачоў захоча напісаць ліст Наталлі. Адрас: 220030, Мінск, вул. Валадарскага, 2. СIЗА-1. Хершэ Наталлі Анатольеўне.