Сацыял-дэмакраты адкрылі гарачую лінію па пытаннях бясплатнай аховы здароўя

Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 1 сакавіка адкрыла гарачую лінію па пытаннях бясплатнай аховы здароўя.
 



maslouski_igar.jpg

Ігар Маслоўскі

Як паведаміў БелаПАН старшыня абласной структуры сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі, рашэнне пра адкрыццё лініі прынята на падставе зваротаў, што паступаюць з Брэста і раёнаў вобласці ў сувязі з партыйнай заявай пра недапушчальнасць увядзення платы за наведванне паліклінік і знаходжанне ў бальніцах.
 


Палітык нагадаў, што такую заяву Брэсцкая абласная арганізацыя БСДП (Грамада) прыняла 16 студзеня. У ёй яна выказала пратэст супраць увядзення платнага наведвання паліклінік. Нагодай стала размешчаная ў недзяржаўных СМІ інфармацыя, што 21 снежня старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі падчас абмеркавання праекта бюджэту горада на 2013 год выказаўся аб увядзенні платы ў памеры пяці тысяч рублёў за наведванне паліклінікі.


"Дзяржава перастала быць не толькі прававой, але і сацыяльнай, — заявіў Маслоўскі. — Чыноўнікі рознага ўзроўню ўносяць прапановы і паслядоўна адбіраюць у грамадзян іх сацыяльныя і эканамічныя правы. Заўтра яны могуць увесці платнае наведванне паліклінік у Баранавічах, а паслязаўтра гэта закране кожнага з нас. Мы будзем інфармаваць жыхароў вобласці пра іх канстытуцыйнае права на бясплатную ахову здароўя. Гарачая лінія будзе працаваць па панядзелках і суботах з 14.00 да 18.00. Яе нумар у Брэсце 22-06-03".


Брэсцкі абласны камітэт БСДП (Грамада) звяртаецца да ўсіх, хто падзяляе прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, далучыцца да збору подпісаў пад заявай супраць увядзення платы за наведванне паліклінік і знаходжанне ў бальніцах.


"Найбліжэйшым часам намі будзе падрыхтаваны спецыяльны бюлетэнь, прысвечаны гэтай тэматыцы, і бланк заявы з графамі для подпісаў. Гэтыя матэрыялы мы маем намер разаслаць сваім актывістам і прыхільнікам для інфармавання і збору подпісаў пад зваротам", — сказаў Маслоўскі.
 


Сабраныя подпісы сацыял-дэмакраты плануюць накіраваць у Баранавіцкі гарвыканкам і Брэсцкі аблвыканкам.

Ларыса Шыганава, БелаПАН