Гомель. Жыльцы хрушчовак пратэстуюць супраць будаўніцтва

У сярэдняй школе № 38 Гомеля 1 сакавіка прайшло грамадскае слуханне па пытанні будаўніцтва 10-павярховага жылога дома з офіснымі памяшканнямі па вуліцы Валгаградскай. У Савецкім раёне, у квартале, дзе з 1964 года жывуць грамадзяне ў пяціпавярховых дамах (хрушчоўках), улады адвялі ў двары месца для будаўніцтва новага дома.



img_2076.jpg

Жыхары сямі бліжэйшых дамоў абурыліся гэтым фактам, сабралі больш як 300 подпісаў пад зваротам з пратэстам супраць будаўніцтва новага дома.


Таксама жыхары звярнуліся па юрыдычную дапамогу ў грамадскую прыёмную грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!".


На грамадскіх слуханнях 1 сакавіка прысутнічаў каардынатар "Гавары праўду!" Валерый Сляпухін. Ён паведаміў БелаПАН, што на слуханні прыйшло прыкладна 150 чалавек, абураных будаўніцтвам. Паводле слоў жыхароў мікрараёна, у дамах не праводзіўся капітальны рамонт, няма дзіцячай пляцоўкі, шмат іншых камунальных праблем, а тут і забіраюць двор і будуюць шматпавярхоўку.


"Шмат не вельмі пахвальных слоў было выказана на адрас адміністрацыі Савецкага раёна і камунальных служб. Напрыклад, колькасць месцаў на стаянцы для аўтамабіляў па тых умовах, якія ўжо ёсць, не адпавядае нормам, каб выправіць гэта парушэнне, ужо трэба частку двара адводзіць пад стаянку. Зялёныя насаджэнні, якія былі ў двары, рабочымі знішчаны, а пры будаўніцтве дома іх наогул не стане. Пры будаўніцтве будзе парушаны закон аб дапушчальных шумах ва ўсіх без выключэння кватэрах", — сказаў Сляпухін.


Паводле яго слоў, жыхароў дамоў таксама абурыў факт публікацый у дзяржаўнай прэсе, што ніхто не супраць будаўніцтва, і гэта ў той час, калі ўжо было сабрана 300 подпісаў супраць новага дома.


"Людзі дзівіліся: чаму менавіта іх двор вырашылі ўшчыльніць, хіба больш будаваць няма дзе? Адзін мужчына сказаў, што ён не супраць будаўніцтва, бо зможа атрымаць там кватэру. Але ён быў асвістаны. Наша грамадская прыёмная дапамагла людзям юрыдычна, аднак варта адзначыць, што ініцыятыву выказалі самі жыхары, арганізаваліся, згуртаваліся вакол агульнай праблемы", — дадаў каардынатар кампаніі.


Пакуль пытанне з будаўніцтвам дома канчаткова не вырашана.

Алена Германовіч, БелаПАН