«Будзем дамагацца, каб суд быў адкрытым»
Сваякі і паплечнікі пінскіх пратэстоўцаў маюць намер выкарыстаць усе магчымасці, каб суд над імі быў адкрытым.
![ivanova_veronika_pinsk.jpg ivanova_veronika_pinsk.jpg](/img/v1/images/ivanova_veronika_pinsk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Працэс над 14-ю жыхарамі Пінска адбудзецца ў Брэсцкім абласным судзе. У родным горадзе суддзі адмовіліся разглядаць крымінальную справу па «масавых беспарадках» у першы паслявыбарчы вечар, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Шанцаў на адкрыты працэс мала, але спрабаваць трэба», — адзначае старшыня Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова:
— На сённяшнім нават адміністрацыйным працэсе, калі сведка заяўляе, што будзе парушана яго бяспека з раскрыццём звестак, ужо ёсць права ў суда зрабіць працэс закрытым. Так і ў нас, усе пацярпелыя і сведкі — гэта супрацоўнікі міліцыі, таму 99,9%, што працэс будзе закрытым. Спрабаваць мы будзем, але я мяркую, што мы трапім толькі на вынясенне прысуду. Зрабіць яго закрытым — гэта няправільна.
Чатырнаццаць пінчукоў затрымалі каля будынка гарадскога выканаўчага камітэта пасля стыхійнага мітынгу, які скончыўся сутычкай з міліцыянтамі. Паводе версіі следства, затрыманыя сваімі дзеяннямі траўмавалі паўсотні сілавікоў і нанеслі шкоду на 23 тысячы рублёў.