Былы кіраўнік «Цмокі-Менск» атрымаў 5 з паловай гадоў турмы
У Маскоўскім судзе Менску агалошаны прысуд экс-гендырэктару баскетбольнага клубу Цмокі-Мінск Канстанціну Шараверу.
Экс-гендырэктар прызнаны вінаватым у завалоданьні маёмасьцю праз злоўжываньне службовым становішчам. Шаравера асуджаны на 5 з паловай гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Таксама суд прысудзіў спагнаць з экс-гендырэктара 358 тысяч рублёў. Па адным з 4 артыкулаў Шаравера апраўданы.
На пытанне карэспандэнта Свабоды, ці будзе ён абскарджваць прысуд, Канстанцін Шаравера адказаў, што пакуль гэтага не ведае. З жалезнай клеткі былы спартовец падзякаваў прысутным спартоўцам і сябрам за маральную падтрымку.
«Не веру ў ягоную віну. Мне падалося, што ў судзе яна не была даказаная. Ён гэта рабіў ня дзеля сябе, а дзеля клубу», — сказаў былы супрацоўнік клубу Мікалай Іванавіч.
Яшчэ два прысутныя высокага росту таксама былі незадаволеныя прысудам, але сваіх імёнаў не назвалі.
Адвакат Шараверы Леанід Каратчэня сказаў, што рашэнне наконт абскарджвання прысуду будзе прынята пасля азнаямлення з пастановай суду.
Працэс над Канстанцінам Шараверам, заснавальнікам і былым гендырэктарам баскетбольнага клубу «Менск-2006» (цяпер «Цмокі-Менск»), праходзіў са снежня 2015 году, прычым каля 6 месяцаў у закрытым рэжыме.
Канстанцін Шаравера адпачатку не прызнаў віны і адмовіўся даваць паказанні.
У закрытым рэжыме суд заслухаў некалькі дзясяткаў сведак-спартоўцаў, у тым ліку дзейсных. Спачатку па справе праходзіла і грамадзянская жонка Шараверы, былая супрацоўніца клубу. Пасьля кампэнсацыі нанесеных стратаў яе вызвалілі ад адказнасьці.
Канстанцін Шаравера быў апраўданы судом па адным з чатырох інкрымінаваных яму артыкулаў — частка 3 артыкула 424. Гэта завалоданне маёмасцю праз злоўжыванне ў асабліва вялікім памеры ў складзе групы.
З 2014 году Шаравера пад вартай. Калі прысуд вядомаму спартоўцу ўступіць у сілу, ён зможа выйсці на волю праз тры з паловай гады.
Паводле svaboda.org