Былы намеснік міністра лясной гаспадаркі асуджаны на 5 гадоў калоніі

Мінскі абласны суд вынес вырак былому першаму намесніку міністра лясной гаспадаркі Фёдару Лісіцу — пяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.



lisica150618_elqh6.jpg

Фота nn.by

Фёдар Лісіца прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і па ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). У прыватнасці, у прыгаворы гаворыцца аб незаконным завалоданні зямельнымі ўчасткамі.

Таксама былы першы намеснік міністра лясной гаспадаркі прызнаны вінаватым у тым, што спрабаваў прыватызаваць службовую двухузроўневую кватэру ў аграгарадку Ждановічы пад Мінскам. У кватэру была закупленая мэбля за дзяржаўныя грошы на суму больш за 30 млн рублёў. Акрамя гэтага, жыллё адрамантавалі за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Мінлясгаса.

Дзяржаўны абвінаваўца ў спрэчках прасіў прызначыць Лісіцу шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасці.

БЕЛТА