Былыя сілавікі папярэджваюць, што КДБ пачаў чыніць спробы ўзлому акаўнтаў у Telegram

Былыя сілавікі, якія сталі на бок народа, паведамляюць, што з 1 сакавіка КДБ разам з усімі трыма мабільнымі аператарамі распачаў спробы ўзлому акаўнтаў у Telegram. Дзеля гэтага супрацоўнікі КДБ робяць клоны sim-картак і ўваходзяць у акаўнт праз нумары тэлефонаў. Таму карыстальнікам Telegram тэрмінова неабходна падключыць двухфактарную аўтарызацыю.

338960.jpeg


Двухфактарная аўтарызацыя — гэта дадатковы пароль на ўваход у Telegram з новай прылады. Але менавіта гэтая магчымасць цяпер абароніць карыстальнікаў у Беларусі ад узлому акаўнтаў. Паводле інфармацыі былых сілавікоў, з 1 сакавіка супрацоўнікі КДБ распачалі спробы ўзлому. Пры садзейнічанні аператараў сувязі ствараюцца клоны sim-картак і чыняцца спробы лагавання ў акаўнт. Дапаможа ў гэтай сітуацыі двухфактарная аўтарызацыя.
Зайдзіце ў «Налады» → «Канфідэнцыйнасць» → «Двухфактарная аўтарызацыя», там увядзіце пароль. Лепей не пазначаць адрас электроннай пошты для аднаўлення, бо e-mail лёгка «ламаецца».
Можна таксама праверыць, з якіх прыладаў цяпер сядзяць у вашым акаўнце: «Налады» → «Канфідэнцыйнасць» → «Актыўныя сеансы». Бачыце, напрыклад, незнаёмы макбук з Гандураса — выкідайце!
Канфідэнцыйную перапіску варта весці ў «сакрэтным чаце» з аўтавыдаленнем, адключыць у «Наладах чатаў» пункт «Захоўваць у галерэю», перыядычна самастойна чысціць кэш («Налады» → «Даныя і сховішча» → «Выкарыстанне сховішча» → «Ачысціць кэш»).
Таксама былыя сілавікі заяўляюць, што КДБ Беларусі мае доступ да ключоў шыфравання Viber.