BYSOL абвясціў збор на ровар для былога добраахвотніка, і гэта справакавала хейт. Чым усё скончылася?
Фонд салідарнасці BYSOL абвясціў збор на новы ровар для былога беларускага добраахвотніка, які ваяваў на баку Украіны ў складзе атрада «Пагоня». Аднайменнае грамадскае аб’яднанне перадрукавала абвестку аб зборы ў сваім тэлеграм-канале. У каментарах да допісу пачаўся хейт.
Ровар спатрэбіўся былому ваяру з пазыўным «Філ». На сайце BYSOL хлопец патлумачыў сваю патрэбу і распавёў пра сябе.
«У 2020 годзе я ўдзельнічаў у пратэстах і быў з самага пачатку ў эпіцэнтры падзей у Мінску, — расказаў былы добраахвотнік. — Мяне двойчы збілі, затрымлівалі на 15 сутак.
У 2021 годзе я пераехаў ва Украіну і падаўся там на бежанства. Але неўзабаве пачалася вайна. Некалькі дзён я быў у шоку, а потым вырашыў уступіць у тэрытарыяльную абарону свайго раёна ў Кіеве. Але паколькі жадаючых было занадта шмат, мяне не ўзялі.
Тады я запісаўся добраахвотнікам ва УСУ. Я выконваў задачы ў атрадзе «Пагоня» і ў другім інтэрнацыянальным легіёне.
Пасля баёў пад Бахмутам я зразумеў, што больш не вывожу. Мне трэба было спраўляцца з псіхалагічнымі праблемамі, якія да гэтага часу даюць пра сябе ведаць. Я прыняў рашэнне скончыць службу і з'ехаў у Польшчу.
Цяпер я жыву ў Варшаве. Здымаю кватэру і працую ў дастаўцы ежы (працую ўжо 5 месяцаў, гэтая праца мяне задавальняе). У мяне ёсць лекі, уключаючы антыдэпрэсанты.
Я купіў б/у ровар, які ўжо паспеў зламацца раз 10 – колы, тармазы, некалькі разоў сядушка, пагнуўся нядаўна руль. Я не ведаю, колькі яшчэ гэты ровар працягне. Таму прашу дапамагчы мне сабраць сродкі на новы ровар, каб я мог працягнуць сваю працу».
Хлопец папрасіў сабраць на ровар 550 еўра, удакладніўшы, што «калі збярэцца сума больш, то, магчыма, хопіць на электравеласіпед (але і звычайнага будзе дастаткова)».
У тэлеграм-канале «Пагоні» гэтая інфармацыя выклікала розныя рэакцыі, у тым ліку негатыўныя водгукі. Не ўсім спадабалася, што ў такія складаныя часы нехта хоча прыдбаць сабе за данаты ровар.
«А што, так можна было?» — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Блямба, што??? На ровар??? Вы гэта сур'ёзна зараз??? Гэта, дакладна, трэба так ганьбіцца і выстаўляць такое? Вы ўпэўненыя?» — адзначыў іншы.
«Проста адвал башкі. Еду я на ровары, а в кармане доллары», — адрэагаваў трэці.
Былі і каментары з падтрымкай экс-ваяра.
Але чым усё скончылася? Як звычайна: беларусы чарговы раз самаарганізаваліся і дапамаглі «Філу» набыць сродак працы.
«Кароткі адказ хейтарам, якія ўчора паднялі гвалт у каментарах. Збор на новы ровар для былога беларускага добраахвотніка закрыты менш чым за суткі! Усім, хто дапамагае нашым хлопцам, мы выказваем шчырую падзяку за падтрымку! Дзякуй за салідарнасць, Беларусы!» — такі допіс з’явіўся ў тэлеграм-канале аб’яднання «Пагоня».
На гэты момант для хлопца сабрана ўжо 588 еўра. Збор працягваецца.