Чаму Мінск не падобны да іншых сталіцаў

Гэта кідаецца ў вочы, як толькі вяртаешся з чужыны: Мінск не такі як Вільня, Варшава ці Прага. Не такі, як усе. І, відавочна, рэч не толькі ў тым, што «мала людзей» і «многа міліцыі». Прынамсі, усё не так проста. Паспрабуем вывесці прычыны, якія робяць наш любімы горад выключным.



pusty_horad.jpg

Амаль няма графіці. Некалькі купін тэгаў у падземных пераходах (напрыклад, на вул. Кальварыйскай, ля ітэраўскага даўгабуду), размаляваныя са згоды Мінгарвыканкама гаражы пры лініі чыгункі — вось і ўсе прыкметы існавання паслядоўнікаў Бэнксі ў горадзе. Графіці трымаюцца тут некалькі дзён, а бывае, нават некалькі гадзін. Мы ўжо да гэтага прызвычаіліся, але гэта цуд! Паглядзіце, што робіцца з Парыжам!
Няма вулічнай ежы. Калі ты згаладаў у Брусэлі, а 30 еўра на малюскаў аддаваць не згодны, заўсёды побач знойдзецца кебаб. Берлінцы жартуюць, што цяпер іх нацыянальнае блюда — дзёнэр, які цалкам выціснуў «кары вурст». Але ж у берлінцаў быў спачатку «кары вурст», потым «дзёнэр», у мінчукоў жа няма ні «дзёнэра», ні «кары вурста». Хіба што смажанку купіць на вакзале…
Няма добрых і дрэнных раёнаў. У любым горадзе ў ЗША вам скажуць: тут у нас «бэд эрыя», тут — «гуд эрыя». Сюды хадзі, сюды не хадзі. Асабліва ноччу. У Сан-Францыска раёны, у якіх можна атрымаць люляў ад лацінасаў ці ветлівых братоў з Афрыкі, непасрэдна мяжуюцца з выключна дарагімі кварталамі. У Мінску няма падзелу раёнаў на «добрыя» і «дрэнныя». У цэнтры гэтаксама ж бяспечна і небяспечна, як у якой-небудзь Малінаўцы. Тым больш што малінаўскія толькі спяць у Малінаўцы, гуляць жа выходзяць у цэнтр, бо там «дзяўчонак болей». Якіх пятнаццаць гадоў назад прынята было палохаць дзяцей Шабанамі і «Шарыкамі», але гэта мінула: цяпер нават на Чыжоўцы можна хадзіць з дзяўчынай і не мець разраду па боксе.
Адсюль — яшчэ адна выбітнасць. Цэны ў кавярнях у цэнтры і «на раёне» амаль аднолькавыя. Амаль ля ратушы можна знайсці «Планету піцы», на Маркса — адразу дзве ўстановы «Тэмпа» — гэтыя сеткі знаходзяцца ў бюджэтнай цэнавай катэгорыі. У любой іншай сталіцы цэнтр — гэта бастыён ідыёцкіх цэнаў на ўсё. Мы ўжо нават не качаем правы, калі за кубачак звычайнай кавы ў цэнтральным Рыме атрымліваем рахунак на $7. Ад’ехаць 2 кіламетры ад Калізея ў бок вакзала — і кава будзе каштаваць чэсны 1 еўра. Усё не так у Мінску, дзе кава каштуе амаль аднолькава што ў рэстарацыі Вадзіма Пракоп’ева, што ў брутальнай кавярні, дзе людзі бухаюць, не здымаючы шапак.
Гісторыя горада прыхаваная. У Празе гісторыя камадыфікаваная (г.зн. ператвораная ў тавар). Не трэба нават мець кнігу-дапаможнік, пра адметнасці будынкаў паведамляюць спецыяльныя шыльдачкі на вуліцах. Мінская гісторыя схаваная глыбока, і трэба абавязкова мець сябра-мінчука, каб хараство і старажытнасць гэтага горада адкрыліся. Ты ніколі не знойдзеш будынка, у якім абвяшчалі БНР. Ты будзеш таптацца па рагу Незалежнасці і Энгельса і не ведаць, што тут была мастацкая школа Кругера, у якой вучыўся знакаміты Хаім Суцін.
Сапраўдная гісторыя замененая эрзацам. Калі ты не пракоцаны еўрапейскі даследчык даўніны, ты скончыш тым, што будзеш таптацца па Траецкім ва ўпэўненасці, што гэта самае старажытнае, што ёсць у Мінску. Ты пабачыш савецкую гісторыю, сфатаграфуеш Плошчу Перамогі і падзівішся сталінскаму ампіру. Ты нават, можа, сфатаграфуешся з адным з тых вычварэнцкіх будынкаў, што паўсталі на Нямізе за апошнія гады, нягегла пераймаючы даўніну (якую знішчылі акурат пад гэтыя будынкі). Копіі выціснулі арыгіналы. Савецкасць — спрадвечнае.
А вось яшчэ адна цікавостка: у Мінску няма дзелавога цэнтра. У любой сталіцы свету ёсць раён, у якім кампактна канцэнтруюцца хмарачосы са штаб-кватэрамі банкаў, нацыянальных фінансавых, прамысловых, страхавых і іншых установаў. Галоўны офіс «Беларусбанка» знаходзіцца на пр. Дзяржынскага, амаль у чыстым полі. Хмарачосы ў Мінску ёсць, але яны не складаюць супольнага ансамблю, яны раскіданыя па даляглядзе, як тыя сосны па выгане. Пра будынак Чыжа мне хацелася б не сказаць ні слова ў гэтым тэксце. Забыць Герастрата.
Першы гарадскі аналаг «Старбакса» з’явіўся зусім нядаўна. У той жа час, што гэта за буйны горад, па якім не гойсае грамадзянаў з папяровымі кубачкамі кавы? Цяпер сетка «Кофе бокс» імкліва развіваецца, «боксы» з’яўляюцца ва ўсё новых месцах у цэнтры. Але ўсё ж сетка ў нас такая пакуль толькі адна. А жыхароў — болей за 2 мільёны. Дзіўна!
І, працягваючы тэму: у Мінску няма ні Burger King, ні KFC (кажуць, хутка з’явіцца, але пакуль няма), ні нават якой-небудзь Sbarro. «Мак» трымае манаполію ў нізкім цэнавым сегменце, T.G.I. Friday — у сярэднім. І ўсё. Адмыслоўцы кажуць, што звязана гэта са складанасцямі ў вядзенні любога бізнэсу ў Беларусі, але ж мы тут не пра інвестыцыйную атмасферу. Мы — пра ўражанні ад горада. А ўражанні праз такую адсутнасць брэндаў, якія панапіханыя ў іншыя сталіцы, робяцца выключнымі.
У Мінску няма таннага жытла. Трэба было бачыць твары еўрапейцаў, калі я ім казаў нейкі час таму, што хостэл у беларускім мегаполісе толькі адзін. Усе астатнія госці сталіцы селяцца ў гатэлях «Еўропа» і «Краўн-плаза», за ноч у якіх трэба аддаць столькі, колькі сярэднестатыстычны вандроўнік-даўншыфтар можа разлічваць патраціць за тыдзень ва Усходняй Еўропе.
Няма мігрантаў. Нягледзячы на тое, што апошнім часам усё часцей сустракаеш прыгожыя твары кітайцаў у цэнтры, гэта менавіта адзінкавыя выпадкі. Таго, што робіцца ў Маскве з выхадцамі з Каўказа ці ў Заходняй Еўропе з мусульманамі з Бліжняга Усходу, у Мінску няма і не прагназуецца. Ці то ўзровень прыбыткаў у нас невысокі, ці то міграцыйнае заканадаўства жорсткае і міліцыі зашмат.
Няма сквотаў — закінутых будынкаў, стыхійна заселеных бяздомнымі (як знакамітая Пушкінская, 12 у Пецярбургу ці Тахелес у Берліне). Сярод бадзягаў на прасторах СНД ходзіць показка: калі ты апынуўся ў Мінску без «упіскі» і грошай, трэба шукаць не старыя, кінутыя будынкі (якіх няма), а недабудаваныя навабуды (якіх да халеры).
 А вось яшчэ вельмі дзіўная драбяза: у любым горадзе свету ёсць «назіральная пляцоўка», месца, з якога ты можаш агледзець цэнтр. Згадайма «вежу з ківачом» у Вільні, Галацкую вежу ў Стамбуле, тэлевізійную вежу ў Берліне, Эйфеля ў Парыжы. У Мінску цэнтр зверху не пабачыць! Была раней паднябесная рэстарацыя ў гатэлі «Беларусь», але яе зачынілі разам з самім гатэлем. Пляцоўка на Нацыяналцы, па-першае, не высокая, па-другое, знаходзіцца, мякка кажучы, не ў цэнтры. Хаця зразумець бы яшчэ, што такое «мінскі цэнтр», дзе ён пачынаецца і дзе канчаецца (яшчэ адна выбітнасць нашага горада).
Хацелася б зазначыць: усё апісанае — не з ліку what’s wrong with Minsk? (што не так у Мінску?), а з ліку what’s so special about it? (чым ён асаблівы?). У глабалізаваным сусвеце знайсці горад, які не падобны да астатніх, — вялікі цуд. Дык будзем ганарыцца тым, што мы ў ім жывём!

Віктар Марціновіч, budzma.org