Чарговая міліцэйская аблава ў мінскім гей-клубе. Каля 40 затрыманых
У ноч з 1 на 2 лютага ў мінскі «Клуб 6_А» на чарговую «праверку», ужо трэцюю за апошні месяц, прыйшло каля дзесяці супрацоўнікаў унутраных спраў у цывільным, як
паведамляюць відавочцы. Быў зроблены пашпартны кантроль, прыкладна 40 чалавек было затрымана для высвятлення асобы. Усіх даставілі ў аддзяленне міліцыі.
Прадстаўнікі ўнутраных органаў заявілі затрыманым, што рэйд быў звязаны з дзейнасцю лідара «ГейБеларусі» Сяргея Андросенкі, пры гэтым супрацоўнікі міліцыі
спасылаліся на тое, што ён «займаецца рэчамі, якімі не варта было б». У самога Сяргея Андросенкі 2 тыдні таму забралі пашпарт пры перасячэнні польска-беларускай
мяжы ў Брэсце і не вярнулі да гэтага часу.
Аднаго з хлопцаў, які патрабаваў супрацоўніка міліцыі прадставіцца, сілай, па зямлі, павалаклі да аўтобуса, а там прычапілі наручнікамі да сядзення. Відавочцы паведамляюць пра грубыя адносіны ў
аддзяленні міліцыі да хлопцаў і дзяўчат. Усім затрыманым забаранілі карыстацца тэлефонамі і паабяцалі трымаць да вечара.
Нагадаем, у студзені ўжо праводзіліся міліцэйскія рэйды на ЛГБТ-вечарынкі ў Мінску і Віцебску. У Віцебскай вобласці пачалі выклікаць на размову нават звычайных наведвальнікаў вечарыны, якіх
супрацоўнікі знялі на відэа-камеру, якія не маюць дачынення да арганізацыі.
Таксама з пачатку студзеня на «гутарку» было выклікана не менш за 60 заснавальнікаў рэспубліканскага моладзевага праваабарончага грамадскага аб'яднання "Праваабарончы
цэнтр “Лямбда (пад такой назвай ў другі раз спрабуе легалізавацца «ГейБеларусь»), старшынёй якой 8 снежня на ўстаноўчым з'ездзе быў абраны Сяргей Андросенка .
«Гутаркі» з заснавальнікамі ЛГБТ-арганізацыі былі зроблены па ўсёй краіне, не менш, чым у 8 гарадах.
Ціск на ЛГБТ-супольнасць Беларусі пачаўся прыкладна праз тыдзень пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.
«Гэта беспрэцэдэнтны ціск на беларускую ЛГБТ-супольнасць з боку ўладаў, я толькі магу здагадвацца аб сапраўдных прычынах і наступствах пераследу, якое абрынулася на нашу арганізацыю
і беларускіх гомасэксуалаў. Але тое, што адбываецца відавочна дэманструе неспакой уладаў з нагоды аб'яднання ЛГБТ-супольнасці і з нагоды каштоўнасцяў, якія дэкларуе нашая арганізацыя, -
пракаментаваў сітуацыю лідэр беларускай рэспубліканскай маладзёжнай праваабарончай ЛГБТ арганізацыі Сяргей Андросенка. - Мы з нецярпеннем чакаем адказу з Міністэрства юстыцыі з нагоды разгляду нашых
ўстаноўчых дакументаў».
Сам Сяргей Андросенка таксама выказвае занепакоенасць за сваю свабоду.
Паводле GayBelarus.By