Цела Паўла Шарамета ў Мінск суправаджае ўкраінская дэлегацыя
Украінская дэлегацыя, у складзе якой прэс-сакратар Пятра Парашэнкі Святаслаў Цагалка, суправаджае ў Мінск цела журналіста Паўла Шарамета, паведаміла БелаПАН прадстаўнік пасольства Украіны ў Беларусі Марыя Гуцала.
У складзе ўкраінскай дэлегацыі — больш за 20 чалавек, удакладніла Гуцала. Сярод іх чыноўнікі і журналісты. Як паведамлялася ў СМІ, у Мінск таксама прыбудзе вядомы журналіст, дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Мустафа Найем.
Загінулага журналіста вязуць у Мінск чартэрным авіярэйсам з Кіева, дзе сёння прайшла цырымонія развітання з ім. Развітацца з Шараметам прыйшлі сотні людзей, у тым ліку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, дэпутаты парламента, міністры.
Журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня ў выніку падрыву машыны. Выбух адбыўся ў 7.45 на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка, насупраць рэстарана McDonalds. Шарамет паспеў праехаць некалькі дзясяткаў метраў. Машына належала сузаснавальніцы выдання "Украінская праўда" Алёне Прытуле, але яе ў аўтамабілі не было. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400—600 г у тратылавым эквіваленце.
Нацыянальная паліцыя Украіны распачала па факце гібелі журналіста крымінальная справа па артыкуле "Наўмыснае забойства". Як паведаміў вечарам 20 ліпеня саветнік кіраўніка Службы бяспекі Украіны Юрый Тандыт, праваахоўныя органы распрацоўваюць чатыры версіі забойства: прафесійная дзейнасць, непрыязнасць у адносінах або асабістыя матывы, рускі след (дэстабілізацыя сітуацыі) і замах на Алёну Прытулу. "Для нас раскрыццё гэтага злачынства з'яўляецца прынцыповым", — падкрэсліў Тандыт. Ён таксама адзначыў, што, паводле папярэдніх даных, выкарыстоўвалася выбуховае прыстасаванне з дыстанцыйным кіраваннем, якое было прымацавана пад вадзіцельскім сядзеннем.
Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, генпракурор краіны Юрый Луцэнка 22 ліпеня заявіў: "Адзінае, пра што магу паведаміць, тое, што забойца быў не адзін. Гэта была група. І частку гэтай групы мы ўжо бачым на відэа".
belapan.by