Цэнтры сацабслугоўвання Мінска правядуць дні адкрытых дзвярэй
Мерапрыемствы прымеркаваны да Дня пажылога чалавека.
Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінска правядуць дні адкрытых дзвярэй. Аб гэтым паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Дудка. Мерапрыемствы цэнтраў прымеркаваны да Дня пажылога чалавека і адбудуцца ў перыяд з 17 верасня па 4 кастрычніка.
Першым Дзень адкрытых дзвярэй праводзіў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Заводскага раёна сталіцы на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Акрамя таго, у цэнтры дзяжурыў памочнік урача 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі сталіцы. У Ленінскім раёне мерапрыемствы арганізуюць 18 верасня, Кастрычніцкім — 22 верасня, Партызанскім — 23 верасня, Першамайскім — 24 верасня, Савецкім — 25 верасня, Фрунзенскім — 28 верасня, Цэнтральным — 29 верасня і Маскоўскім — 4 кастрычніка.
„Многія пажылыя людзі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Таму задача цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання — прадаставіць ім магчымасць рэалізаваць сябе ў розных напрамках, арыентаваўшы на прыгожую старасць”, — сказала Ірына Дудка. Сярод сталічных пенсіянераў запатрабаваны паслугі цэнтраў, у тым ліку такія, як школы танцаў, валянцёраў, сацыяльнага турызму для пажылых. Правядзенне дзён адкрытых дзвярэй дасць магчымасць цэнтрам сацабслугоўвання папулярызаваць паслугі і ўключыць большую колькасць пажылых у актыўнае сацыяльнае жыццё.