Чарговыя «разборкі» ў «Новай Друці»
ААТ «Новая Друць» — адна з буйнейшых і багацейшых гаспадарак Бялыніцкага раёна. Дзякуючы таму, што асноўным акцыянерам гаспадаркі з’яўляецца Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, гаспадарка не мае ніякіх праблем з забеспячэннем фінансавымі рэсурсамі, сярэдні заробак працаўнікоў таварыства нашмат перавышае заробак у іншых сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна.
ААТ «Новая Друць» — адна з буйнейшых і багацейшых гаспадарак Бялыніцкага раёна. Дзякуючы таму, што асноўным акцыянерам гаспадаркі з’яўляецца Нацыянальны
банк Рэспублікі Беларусь, гаспадарка не мае ніякіх праблем з забеспячэннем фінансавымі рэсурсамі, сярэдні заробак працаўнікоў таварыства нашмат перавышае заробак у іншых сельскагаспадарчых
прадпрыемствах раёна.
У апошнія месяцы гаспадарку пачалі трэсці праверкі з розных інстанцый. Так, толькі ў красавіку і маі таварыства правяралі спецыялісты з КРУ і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Па словах супрацоўнікаў
адміністрацыі гаспадаркі, быў выяўлены шэраг парушэнняў у фінансава-гаспадарчай дзейнасці, якія адносяцца да часу, калі кіраўніком ААТ «Новая Друць» быў Ігар Бондараў.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2008 года Ігар Бондараў звольніўся з пасады дырэктара ААТ «Новая Друць» па ўласным жаданні. За добрую працу кіраўніцтва холдынга
«Мачулішчы», куды ўваходзіць ААТ «Новая Друць», узнагародзіла яго грашовай прэміяй і каштоўным падарункам.
Пераемнікам Ігара Бондарава на пасадзе кіраўніка гаспадаркі стаў былы старшыня Клімавіцкага райвыканкама Уладзімір Канавалаў. Па словах спецыялістаў гаспадаркі, новы кіраўнік адразу ж выявіў шэраг
недахопаў. Немаведама куды падзелася значная колькасць збожжа, вялікая колькасць зерня была прададзена камерцыйнай структуры, але грошы за яго на разліковы рахунак ААТ «Новая Друць»
так і не прыйшлі. За гэты «цікавы» выпадак былы кіраўнік гаспадаркі Ігар Бондараў абавязаны выплаціць ААТ «Новая Друць» 15 мільёнаў рублёў. Дарэчы, незалежная
раённая газета «Паходня» неаднаразова пісала пра тое, як добрае зерне з ААТ «Новая Друць» вывозілася на звалкі і ў лес на падкормку дзікам. Але якая справа нашым
уладам да матэрыялаў апазіцыйнай газеты...
Як кажуць супрацоўнікі таварыства, новы дырэктар быў вельмі здзіўлены, колькі сродкаў пайшло на розныя нязначныя будаўнічыя аб’екты. Пра гэта ён неаднаразова заяўляў сваім падначаленым, а ў
хуткім часе гаспадарку пачалі трэсці разнастайныя праверкі.
Сапраўды, вельмі дзіўна, чаму пры такой вялікай колькасці нарыхтаваных (на паперы) кармоў, ужо з сярэдзіны зімы сянаж на корм жывёлам у ААТ «Новая Друць» завозілі з Віцебскай і
Брэсцкай абласцей.
У красавіку Уладзімір Канавалаў трапіў у абласную бальніцу пасля таго, як у пад’ездзе дома на яго напалі і моцна пабілі невядомыя хуліганы. Супрацоўнікі міліцыі ўхіляюцца ад адказу на
пытанне пра падазраваных, працаўнікі таварыства лічаць, што дырэктар трапіў у бальніцу з-за таго, што шмат хацеў ведаць пра дзейнасць мінулага кіраўніцтва.
Праверкі дзейнасці ААТ «Новая Друць» тым часам працягваюцца, што выклікае вялікае напружанне ў спецыялістаў гаспадаркі. Так, у сярэдзіне мая з памяшкання канторы таварыства
«хуткая дапамога» забрала ў бальніцу адну з супрацоўніц бухгалтэрыі. Па словах супрацоўнікаў КДК, вельмі шмат пытанняў у іх узнікае да дзейнасці былога галоўнага бухгалтара ААТ
«Новая Друць», былога кіраўніка Ігара Бондарава і шэрагу іншых спецыялістаў.
Сяргей Семяновіч, Бялынічы