Ці дасць улада людзям у рукі зброю? Меркаванне эксперта

Беларускі вайсковы эксперт Ягор Лебядок аналізуе на «Свабодзе», што адбываецца з тэрытарыяльнай абаронай, адказвае на пытанне, каму Лукашэнка гатовы даць зброю, і тлумачыць, чаму сілавікі прапанавалі заводзіць крымінальныя справы на прызыўнікоў, якія з'ехалі за мяжу.

Ілюстраацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстраацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў


— Нядаўна Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб дзейнасці вайскова-прамысловага комплексу і зрабіў шэраг заяў, у тым ліку, што трэба, каб усе беларусы мелі стралковую зброю, асабліва чыноўнікі. Не першы раз Лукашэнка выказваецца ў такім рэчышчы. Ці гэта робіцца выключна дзеля прапагандысцкага эфекту, ці за гэтым стаіць нейкі рэальны план дзеянняў?
— Сустрэча наконт стану ВПК была планавай, бо чыноўнікам трэба ж зразумець, як ВПК працаваць ва ўмовах санкцый, якія ўжо пачынаюць уплываць на стан гэтай галіны. Але ж кіраўніцтва не можа публічна прызнаваць, што вайскова-прамысловы комплекс Беларусі страціць рынкі і грошы. Таму і ўзнікла тэма, што мы пачнём вырабляць нашу ўласную зброю, каб кожнай сям’і выдаць аўтамат, як выказаўся Лукашэнка.
Але зразумела, што размова не ідзе пра ўсё насельніцтва. Там гаварылася пра тэрытарыяльныя войскі. Тэрытарыяльную абарону ў нас развіваюць даволі даўно, пачалі ў 2001 годзе, калі прынялі адпаведнае палажэнне. Чаму цяпер Лукашэнка зноў звярнуўся да гэтай тэмы? Думаю, выклікана гэта дзвюма прычынамі.
Па-першае, цяпер адбываецца змена заканадаўства аб ваенным становішчы, надзвычайным становішчы. Ускосна гэтыя змены тычацца і тэрытарыяльных войск, якія прыцягваюцца да забеспячэння ваеннага становішча. А славуты дэкрэт нумар 2 якраз і прадугледжвае ўвядзенне ваеннага становішча ў выпадку гвалтоўнай смерці кіраўніка дзяржавы.
— Традыцыйна ўсе гэтыя ранейшыя выказванні пра тэрытарыяльную абарону ўспрымаліся як рэакцыя на нейкую «замежную» пагрозу. Але цяпер, у 2021 годзе, гэта многім бачыцца менавіта як рэакцыя на ўнутрыпалітычную сітуацыю...
—Так, задачы тэрытарыяльнай абароны — гэта ў тым ліку і забеспячэнне ваеннага становішча. А гэта і спыненне «масавых беспарадкаў», і надгляд людзей, у іх ёсць функцыі аховы аб’ектаў (як ва ўнутраных войск). Таму другі чыннік — гэта перафарматаванне тэрытарыяльных войск падчас «масавых беспарадкаў».
— А каго будуць мабілізаваць у гэтыя тэрытарыяльныя войскі ў час Ч? Вайсковаабавязаных, якія ўжо адслужылі? Той жа кантынгент, які час ад часу прызываюць на зборы?
—Так, частка з гэтых вайсковаабавязаных прыпісаная да тэрытарыяльных войск. Памятаеце, у жніўні 2020 года ўсе пыталіся, на якіх юрыдычных падставах вайскоўцы прыцягваліся да падзей на вуліцах беларускіх гарадоў? Потым даведаліся, што ёсць сакрэтны ўказ пра «дзяржаўную сістэму рэагавання на тэрарызм і масавыя беспарадкі». Як мне здаецца, сёння ідзе прапрацоўка магчымасці прыцягваць тэрытарыяльныя войскі для такіх выпадкаў. Хутчэй за ўсё, тэрытарыяльныя войскі будуць прыцягвацца да аховы нейкіх аб’ектаў, а МУС будзе займацца непасрэдна разгонам акцый.
Зразумела, якія праблемы тут могуць паўстаць. Гэта ж не заезджы ў горад АМАП, а мясцовыя людзі. То-бок будуць стаяць сусед супраць суседа, толькі адзін з іх — з аўтаматам. Гэта вельмі павялічвае рызыку грамадзянскай вайны.
Памятаеце, увосень 2020-га ўлады спрабавалі стварыць «народныя дружыны» для аховы парадку, але не змаглі іх укамплектаваць, не знайшлося ахвотных ісці на гэта? Дык чаго чакаць ад звычайных людзей, што ім раздасі аўтаматы і яны пачнуць страляць па сваіх? Ды не. Таму ўлады будуць імкнуцца адбіраць толькі тых, хто суперлаяльны. Памятаеце, Лукашэнка гаварыў, што падчас жнівеньскіх пратэстаў прыцягваліся нават тыя, хто былі ў запасе ўнутраных войск. Таму зараз, я мяркую, будзе спроба сфармаваць гэтыя часткі тэрытарыяльнай абароны з самых лаяльных запаснікаў.
— А што наконт заяў Лукашэнкі ледзь не кожнаму раздаць стралковую зброю?
— Ніякага дачынення да абароны краіны гэта не мае...
— Я пра іншае. Пра тое, што многія прыхільнікі легальнага валодання грамадзянамі зброі (як у Швейцарыі ці ЗША, дзе зброя ёсць амаль у кожнага) лічаць, што калі б грамадзяне легальна валодалі зброяй, то гэта была б зусім іншая сітуацыя ў краіне, у тым ліку падчас масавых пратэстаў.
— Ёсць у нас такі часопіс «Наука и военная безопасность». Там тыя, хто займаецца тэрытарыяльнай абаронай, звярталі ўвагу, што калі тэрытарыяльная абарона складаецца з добраахвотнікаў, то гэта будзе больш эфектыўна. І ёсць краіны (дзяржавы Балтыі, тая ж Швейцарыя), дзе тэрытарыяльная абарона — гэта добраахвотнікі, якія маюць зброю дома і гатовыя ў любы момант выступіць на абарону краіны.
У нас, зразумела, гэты рэжым ніколі не дасць зброі ў рукі людзям. Бо пакуль што адзін сілавік з аўтаматам можа разагнаць сотні людзей. А што будзе, калі кожны з пратэстоўцаў будзе легальна мець уласную зброю?
Улада гэта зразумела даўно, і ніякіх добраахвотных узброеных фармаванняў у Беларусі не можа быць. Ніякіх «ЧПК» (прыватных вайсковых кампаній) тут не з'явіцца. І зразумела, што ніякай зброі ўлада не раздасць народу. Бо ўзброены народ — гэта пагроза ўладзе.
— Днямі з'явілася навіна, што сілавікі могуць заводзіць крымінальныя справы супраць тых прызыўнікоў, якія знаходзяцца за мяжой і там пазбягаюць прызыву ў войска. Гэта настолькі кепскія справы з прызывам ці проста чарговае нагнятанне страху?
— Сапраўды, ёсць вялікія праблемы з прызывам у войска. Маладых не хапае, людзі эмігруюць, з'язджаюць. Па-другое, гэта вядома, пужалка для моладзі. Але, здаецца, тыя маладыя, якія з'язджаюць з Беларусі на працу, вучобу, яны, на жаль, амаль ніхто ўжо не вяртаецца. Так што на іх гэтая пужалка наўрад ці неяк паўплывае.
У Беларусі цяпер даволі вялікая дэмаграфічная «дзірка», моладзі не стае і праблемы з прызывам ёсць. Служыць тэрміновую службу ў войску добраахвотна мала хто хоча, у нас няма сацыялогіі наконт прэстыжу вайсковай службы. А як рэальна змянілася стаўленне моладзі да сілавых структур, можна будзе ўскосна зразумець па тым, колькі будзе ахвотных паступіць у Вайсковую акадэмію ці Акадэмію МУС.