Ці падтрымае страйкоўцаў IT?

У Беларусі праходзяць акцыі пратэсту сярод рабочых. Частка прадпрыемстваў абвясціла страйк. Dev.by запытаўся ў заснавальнікаў і кіраўнікоў ІТ-кампаній, што яны думаюць пра значэнне забастовак для беларускага пратэсту? Ці павінны страйкаваць ІТ-кампаніі? Ці дапамагаюць страйкоўцам і як?

d4b8cdc593a5661c0f68567d49416df2.jpg


"Як фізічныя асобы мы ўсе дапамагаем праз фонды"
Міхаіл Дубакоў, заснавальнік Fibery:
— Грамадства (я ўжываю слова "грамадства", таму што нас большасць, мы не з'яўляемся апазіцыяй, мы прадстаўляем вялікую частку народа) з самых розных бакоў вылучыла патрабаванні да ўладаў і яны ў цэлым сугучныя. У некаторых калектываў патрабаванні жорсткія, у некаторых мякчэй, але ёсць кансэнсус, што выбары былі сфальсіфікаваныя, а вінаватыя ў катаваннях нявінных грамадзян павінны быць пакараныя.З боку ўлады мы назіраем поўнае выкананне аднаго пункта — спыненне гвалту. Часткова выкананы другі пункт — вызваленне палітвязняў і затрыманых. Многіх адпусцілі, але палітвязні як сядзелі, так і сядзяць. Астатнія пункты выканаць складаней, і ўлада іх ігнаруе.
Раз патрабаванні не выконваюцца, то грамадства ўзмацняе ціск. Забастоўкі — вельмі эфектыўны спосаб пратэсту. Іх практычна немагчыма разагнаць сілавым спосабам. Бастуючыя заводы, фабрыкі і іншыя прадпрыемствы — гэта выразны сігнал уладам ад усіх сацыяльных слаёў.
ІТ-галіна павінна падтрымаць страйкоўцаў, таму што мы з'яўляемся часткай грамадства і выстаўляем падобныя патрабаванні. Асабіста я быў вельмі ўражаны мужнасцю рабочых, іх арганізацыяй і адзінствам.
У нашай кампаніі меркаванні пра страйк падзяліліся, і, мабыць, большасць супрацоўнікаў не лічыць правільным страйкаваць. Мы стартап з вельмі нізкім абаротам і жывем пакуль толькі на інвестыцыях. Але практычна ўсе гатовыя пералічваць істотную частку свайго заробку ў фонды дапамогі страйкоўцам або пацярпелым ад гвалту.
У нас няма пакуль выразнай пазіцыі ўсёй кампаніі, але як фізічныя асобы мы ўсе дапамагаем праз фонды. Грамадства абавязана заклікаць улады да адказу за сярэднявечныя катаванні і прыніжэнне грамадзян. Грамадства абавязанае заклікаць улады да адказу за фальсіфікацыю выбараў. Гэта абсалютны мінімум, калі мы хочам быць нацыяй.

"Мы прынялі на працу аднаго з былых супрацоўнікаў БТ»


Дзмітрый Ліпніцкі, CEO і сузаснавальнік Gismart:— Мы з захапленнем назіраем за тым, як сёння беларускі народ адстойвае сваё права на правядзенне сумленных выбараў.
Сапраўды, падключылася ўжо мноства супольнасцяў, арганізацый, прыватных бізнесаў. Але забастоўка заводаў — гэта ключавы паказчык таго, што дзяржаве неабходна прыслухацца да народа. Мы падтрымліваем завадчан і іншых страйкоўцаў, і лічым, што забастоўкі — гэта законны метад адстойвання канстытуцыйных правоў.
Літаральна ўчора мы падтрымалі ініцыятыву дапамогі сумленным журналістам, якія засталіся без працы, адстойваючы права на аб'ектыўнае асвятленне падзей у Беларусі. Ужо больш за 400 работнікаў медыя звярнуліся па дапамогу. Мы прынялі на працу аднаго з былых супрацоўнікаў БТ і знаходзімся ў працэсе найму яшчэ некалькіх. Акрамя гэтага, цяпер адкрыты фонд падтрымкі, які фінансава дапаможа ўсім страйкоўцам і пацярпелым ад палітычных рэпрэсій. Вядома, мы таксама зрабілі свой уклад у гэты фонд і заклікаем яшчэ больш ІТ-кампаній падлучацца.

"У наступны раз, верагодна, кулі будуць ужо не гумовыя"


Юрый Гурскі, ІТ-бізнесмен, інвестар:— Тут у мяне ёсць асабістая пазіцыя як грамадзяніна. Я лічу, што людзі маюць законнае, замацаванае ў Канстытуцыі права абараняць сябе, сваіх дзяцей ад забойстваў, пасадак, скалечванняў, адсутнасці выбару. У тым ліку і з дапамогай забастовак.
Многія, шкада, не ўсе, разумеюць, што ў наступны раз, верагодна, кулі будуць ужо не гумовыя.
Людзі маюць права абараняць сваё жыццё, здароўе, будучыню. І калі ў работнікаў ІТ ёсць магчымасць, трэба падтрымаць параненых, звольненых, страйкоўцаў. Гэта проста па-чалавечы правільна, і мы гэта робім па меры сіл.
Інструментаў, цалкам легальных, ужо дастаткова.