«Ці ўсвядомлена вы выконваеце рытуалы пры выкананні гімна?»

Анкету з дзіўнымі пытаннямі раздалі школьнікам у Баранавічах, піша intex-press.by.

ov4ykjbrcvm.jpg


Чытач даслаў у рэдакцыю фота дакумента, які, па яго словах, раздалі для запаўнення навучэнцам 9-га класа адной з гімназій горада. Мужчына здзіўляецца, якія мэты мае навучальная ўстанова, спрабуючы даведацца, ці гатовыя школьнікі ваяваць за Беларусь або паважліва яны ставяцца да ветэранаў. Intex-press паспрабавала высветліць гэта.
Анкетаванне, па словах чытача, праводзілася на днях у 9-х класах Баранавіцкай гімназіі № 1. Пытанні ў анкеце бацькам здаліся больш чым дзіўнымі. Да прыкладу, там пыталіся, ці ўсвядомлена дзіця выконвае рытуалы пры выкананні гімна, глядзіць ён інфармацыйныя праграмы тэлебачання і ці паважліва ставіцца «да воінскага абавязку ў 18 гадоў пайсці служыць у войска».
— Ужо і за дзяцей узяліся! Баяцца, мабыць, што новае пакаленне будзе мець сваё меркаванне, — абураўся чытач.
Дырэктар гімназіі № 1 Мікалай Хітрык не стаў адмаўляць сам факт распаўсюджвання анкет у навучальнай установе, але ад каментароў адмовіўся.