Ці будзе ў Курапатах капліца?

Днямі стала вядома пра рашэнне сіноду Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы аб узвядзенні ў раёне ўрочышча Курапаты капліцы ці царквы для ўшанавання памяці бязвінных людзей — ахвяраў сталінізму.



14_001_04.jpg

Пра гэта на чарговым пасяджэнні дыскусійнага кінаклуба “Невядомая Беларусь" заявіў даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму Ігар Кузняцоў.

Навукоўца выказаў намер абмеркаваць гэтую ідэю на чарговым пасяджэнні грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты". Сябры ініцыятывы могуць звярнуцца да ўладыкі Філарэта, каб ідэя будаўніцтва хрысціянскай святыні каля гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў" ва ўрочышчы Курапаты прайшла праз грамадскае абмеркаванне, адзначыў Кузняцоў.

Прыкладна 10 год таму адзін з прыходаў Беларускага экзархату РПЦ ужо спрабаваў пабудаваць царкву ў ахоўнай зоне Курапатаў без грамадскага абмеркавання праекта і дазволу дзяржавы, але вымушаны быў спыніць будаўніцтва ў сувязі з пратэстамі грамадскасці і з цвёрдай пазіцыяй дэпартамента па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.   

Актывістка Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Ніна Багінская выказала перасцярогу, каб каля народнага мемарыяла не была закладзена “мураўёўка".

Для даведкі: Мураўёўкамі ў народзе называюць цэрквы Маскоўскага патрыярхату на Беларусі, масавае будаўніцтва якіх разгарнулася па задушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў.

Народная назва паходзіць ад імя генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва па мянушках “вешальнік" і “людажэр", які распрацаваў праграму “мероприятий, имевших в виду водворение и преобладание в Северо-Западном крае русской народности" і з гэтай мэтай запрасіў у Аляксандра II 500 тыс. рублёў на аднаўленне старых і пабудову новых цэркваў у Віленскай і Гродзенскай губернях. Яшчэ раней такія ж сродкі вылучылі Віцебскай, Магілеўскай і Менскай губерням. Сотні цэркваў-“мураўёвак" будаваліся, у тым ліку, і за кошт пабораў ад мясцовых землеўладальнікаў паводле тыповых праектаў і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расейскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры. Іхнае будаўніцтва мела вызначальную ідэйна-палітычную ролю (згодна з абвешчанай царом Мікалаем I тэзай “самодержавие, православие, народность).

У 1865 годзе выйшлі адмысловыя “Правила, которые следует соблюдать при постройке православных церквей и причетнических сооружений в Северо-Западном крае", у якіх гісторыя беларускага народу тлумачылася з манархічных і імперскіх пазыцыяў. Сінод і Міністэрства ўнутраных справаў зацвердзілі серыю тыповых праектаў, згодна з якімі трэба было ўзводзіць храмы. Пры гэтым забаранялася індывідуальнае царкоўнае будаўніцтва ў абшарніцкіх маёнтках, а таксама праектаванне вясковых храмаў землямерамі ў абыход чыноўнікаў губернскіх будаўнічых камісій.

Такім чынам вызначалася адносная аднароднасць і стылёвае адзінства цэркваў, што будаваліся на Беларусі. Храмы мусілі быць аднолькавага планавання і змяшчаць архітэктурныя элемэнты, уласцівыя для сярэднявечнага маскоўскага дойлідзтва: цыбулепадобныя купалы, шатровыя завершанні, какошнікі і дэкаратыўную ўзорыстасць.