Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала ўдастоены Прэміі імя Карла Вялікага
Лідаркі беларускага пратэснага руху Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала сталі лаўрэаткамі Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага ў 2022 годзе. Яны ўдастоены гэтай узнагароды за мужнасць і натхняльную барацьбу за свабоду і дэмакратыю, за правы чалавека і тым самым за еўрапейскія каштоўнасці, заявіў у пятніцу, 17 снежня, кіраўнік рады прэстыжнай міжнароднай прэміі ў Ахене Юрген Ліндэн.
Паводле яго слоў, лідаркі беларускай апазіцыі Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала з'яўляюцца «непаўторным прыкладам» барацьбы супраць дыктатуры, падаўлення і неправавой дзяржавы.
Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага з'яўляецца адной з найбольш значных еўрапейскіх узнагарод, яна ўручаецца з 1950 года людзям і арганізацыям за іх вядучую ролю ў аб'яднанні Еўропы. У 2019 годзе прэмія была ўручана генеральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрыўшу, за год да гэтага — прэзідэнту Францыі Эманюэлю Макрону, у 2017-м узнагароду атрымаў брытанскі гісторык Гартан Эш, а ў 2016-м — Папа Рымскі Францішак.
У розныя гады гэтай прэміі ў ліку іншых ганараваліся кароль Іспаніі Хуан Карлас I, Папа Рымскі Ян Павел II, былы вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўер Салана, былая канцлерка ФРГ Ангела Меркель і старшыня Еўрапейскай рады Херман Ван Рампей.
Уручэнне прэміі адбудзецца 26 траўня 2022 года ў каранацыйнай зале ратушы Ахена.
Паводле dw.com