Франак Вячорка: Дыялог паміж Захадам і рэжымам Лукашэнкі немагчымы

Перамовы павінны быць паміж беларускім грамадствам і прадстаўнікамі рэжыму, а не паміж Захадам і Лукашэнкам. Паміж Захадам і рэжымам нічога не можа быць, бо рэжым Лукашэнкі нелегітымны, гэта проста група людзей, якая захапіла ўладу. Пра гэта ў размове з «Еўрарадыё» заявіў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных пытаннях.

vicerko_compressed.jpg

Па яго словах, рэжым Лукашэнкі ўсё адно прыкладае намаганні для пачатку гэтых перамоваў:

— Напрыклад, што робіць Макей: ён гуляе ў незалежнага чалавека. Ён прыязджае і сустракаецца з замежнымі міністрамі на розных канферэнцыях. Там ён кажа: «Я незалежны. Я разумею, што Лукашэнка сябе неадэкватна паводзіць. Але калі вы не хочаце з ім размаўляць, камунікуйце са мной». Гэта ён рабіў і раней, але цяпер ён робіць гэта вельмі актыўна. Многія еўрапейскія палітыкі сапраўды вядуцца на тое, што Макей, можа быць, і ёсць той прадстаўнік наменклатуры, які расколе эліты і прывядзе Беларусь да дэмакратыі.

На думку Вячоркі, згуляць на наіўнасці еўрапейскіх палітыкаў не атрымаецца:

— За ўсе гэтыя гады Макей паказаў, што ён ніякі не самастойны. Але гэтыя гульні адбываюцца. І, на жаль, еўрапейцы часта трапляюць у гэтую пастку. Калі крыважэрны тыран пачынае гаварыць мяккай мовай, спрабуючы спадабацца, то гэта выклікае такое ўяўленне: «Можа, гэты звер і не такі кепскі». Дык вось мы тлумачым: не верце таму, што звонку, глядзіце, што ўнутры. Пакуль не праведзена аніякіх рэформаў, пакуль не панесена пакаранне за катаванне, не трэба купляцца на гэтыя ўлоўкі. Яны вас падманваюць. І пакуль гэтае разуменне ёсць.

Чым даўжэй Святлана Ціханоўская будзе на міжнароднай арэне пра гэта казаць, тым менш шанцаў у рэжыму будзе такую карту разыграць, сцвярджае яе дарадца.