Чуркін пагражае Украіне «грузінскім сцэнаром»
Расійскі амбасадар у ААН Віталь Чуркін выступіў з пагрозай увядзення расійскіх войск на тэрыторыю Украіны.
У выпадку горшага развіцця падзей на паўднёвым усходзе Украіны Расія ўзгадае аб дазволе Савета Федэрацыі выкарыстоўваць Узброеныя сілы РФ на тэрыторыі Украіны. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканала «Расія-1» пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін:
«Гэтая магчымасць заўсёды маецца ў нашых руках. Але, вядома, не хацелася б».
Чуркін таксама сказаў, што калі гвалт на паўднёвым усходзе Украіны не спыніцца, Расія скліча экстранае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН.
Расійскі дыпламат лічыць, што Рада Бяспекі ААН расколатая, чакаць ад яе якіх-небудзь сур’ёзных дзеянняў у плане ўрэгулявання канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны не даводзіцца. Таму магчымасць правядзення на тэрыторыі Украіны міратворчай аперацыі ААН з’яўляецца маларэалістычнай.
Пры гэтым Чуркін адзначыў, што Расія мае міжнародна-прававыя падставы для ўвядзення сваіх міратворцаў ва Украіну ў выпадку неабходнасці: «Ёсць адпаведныя нормы Статута ААН, артыкул 51 Статута, які кажа аб самаабароне і які мы, дарэчы, задзейнічалі падчас канфлікту на Каўказе ў 2008 годзе».
Украінскі амбасадар у ААН Юры Сяргееў заявіў Голасу Амерыкі, што Кіеў заклікае Расію адвесці свае войскі ад украінскай мяжы.
«Міністэрства абароны Расіі пачало новыя вучэнні, на гэты раз яшчэ больш агрэсіўныя. Міністар абароны... ўпершыню пацвердзіў, што гэтыя вучэнні выкліканыя сітуацыяй ва Украіне. Да гэтага ён казаў аб рэгулярных вучэннях; усё гэта гучыць як вельмі сур’ёзная пагроза — пасля заяваў Пуціна і Лаўрова аб магчымым ваенным ўварванні ва Украіну: нібыта для абароны расійскамоўнага насельніцтва. Ва Украіне шмат расійскамоўных жыхароў, але не ўсе яны сепаратысты. Сярод пратэстуючых ёсць тысячы нармальных людзей, і ўрад павінен прыслухацца да іх меркавання і пачуць іх. Тыя ж, каго узбройвае Расійская Федэрацыя, гэта невялікая група людзей, некалькі соцень чалавек, але, на жаль, яны дзейнічаюць вельмі агрэсіўна».
Паводле Сяргеева, вайсковы патэнцыял Расіі, размешчаны ля мяжы з Украінай, небяспечны: «Мы выявілі, што там некалькі розных груповак. Гэта — сумесныя вучэнні груп войскаў Заходняй і Паўднёвай вайсковых акругаў. З паўднёва-ўсходняй боку мы заўважылі вялікую навалу артылерыі, танкаў і асабістага складу з Цэнтральнай і Паўночнай акругаў, а таксама танкі, артылерыю і ўстаноўкі «Град» — вельмі небяспечная зброя, якая выкарыстоўвалася ў Чачні. Там каля 200 танкаў і вялікая колькасць артылерыйскіх установак і пяхоты. Гэта буйная групоўка».
Паводле Сяргеева, Расія спрабуе надаць легітымны характар сваёй магчымай агрэсіі, як гэта адбылося, напрыклад, у Абхазіі або ў Крыме, дзе яны падтрымалі невялікую групу сепаратыстаў, якія захапілі ўладу і парламент, а затым прынялі рашэнне правесці рэфэрэндум і абвясцілі незалежнасць паўвострава.
Паводле Радыё Свабода