ЦВК: Лідзія Ярмошына не будзе назіральніцай на выбарах у Грузіі
Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына не едзе назіраць за выбарамі ў Грузіі і не планавала гэтага рабіць, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Цэнтрвыбаркаме ў аўторак.

«На самой справе назіральнікамі на гэтыя муніцыпальныя
выбары едуць двое супрацоўнікаў апарата камісіі. Інфармацыя недакладная, яна не
адпавядае рэчаіснасці. Лідзія Міхайлаўна нікуды не едзе і нават не
планавала», — заявілі ў ЦВК.
Там выказалі здагадку, што недакладная інфармацыя з'явілася «праз наўмысную або неспадзяваную інтэрпрэтацыю звестак, якія былі
размешчаныя на сайце ЦВК Грузіі».
У беларускім Цэнтрвыбаркаме таксама звярнулі ўвагу, што
акрэдытацыя прайшла амаль тры тыдні таму і што практыка ўзаемнага накіравання прадстаўнікоў ЦВК на выбары адно да аднаго з'яўляецца звычайнай справай.
Раней СМІ паведамілі, што Ярмошына будзе
незалежнай назіральніцай на муніцыпальных выбарах у Грузіі.
Выбары ў Грузіі пройдуць 2 кастрычніка.