Чацвёртыя суткі не вядома, дзе знаходзіцца затрыманы гісторык Андрэй Мастыка
Чацвёртыя суткі нічога не вядома пра лёс затрыманага гісторыка і навукоўца Андрэя Мастыкі.
У яго адваката няма звестак ані пра тое, у чым яго абвінавачваюць, ані пра яго месцазнаходжанне. Адваката таксама не дапускаюць да яго жонкі Таццяны Мастыка, былой кіраўніцы грамадскага аб'яднання "Гісторыка". Вядома, што Таццяна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Верагодна, там жа знаходзіцца і як муж.
Пра затрыманне Андрэя і Таццяны стала вядома 19 ліпеня. Напярэдадні да іх з вобшукам прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Што шукалі і па якой справе, невядома. На вобшук у кватэру адваката не пусцілі.
Паводле непацверджанай інфармацыі, Андрэя могуць вінаваціць па арт. 289 КК (акт тэрарызму), а Таццяну — у саўдзеле ў ім. Пра гэта сваякам Таццяны па тэлефоне паведаміў невядомы чалавек, з якім немагчыма звязацца.