Чаму кандыдат, які не меў канкурэнтаў і не набраў паловы галасоў, перамог на выбарах?

Менавіта з такім пытаннем назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з Бярозы Сяржук Русецкі звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам і Пракуратуру Бярозаўскага раён

kabaki_vibaru.png

Справа ў тым, што на ўчастку №30, дзе абіраўся дэпутат Першамайскага сельскага Савета Бярозаўскага раёна і на якім і назіраў Русецкі, выбары праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове – балатаваўся толькі адзін кандыдат Гукін Дзмітрый Мікалаевіч. Усяго ў галасаванні на дадзеным участку прынялі ўдзел 95 чалавек, 50 з якіх прагаласавалі супраць кандыдата Гукіна і толькі 39 за яго.

У адпаведнасці з ч.2 арт. 89 Выбарчага кодэксу РБ, пры правядзенні галасавання па адной кандыдатуры кандыдат лiчыцца абраным толькі тады, калi ён атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Відавочна, што гэта не адносіцца да дадзенага выпадку.

Але Цэнтрвыбаркам лічыць інакш, бо, згодна з апублікаванай на яго сайце інфармацыяй, усе 13225 дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў абраныя. Адпаведна, абраны дэпутатам і Дзмітрый Гукін.

У сувязі з гэтым Сяржук Русецкі звяртаецца да ЦВК і да пракуратуры і просіць растлумачыць, на якой падставе кандыдат Гукін можа лічыцца абраным дэпутатам Першамайскага сельскага Савета дэпутатаў Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці па Кабакоўскай выбарчай акрузе №11.

"Праваабарронцы за свабодныя выбары"