Чарговы жорсткі прысуд: за раскіданыя «вожыкі» на дарозе перад праўладным аўтапрабегам — 11 гадоў зняволення

Актам тэрарызму следства палічыла раскіданыя на дарозе не менш за 12 самаробных «вожыкаў» і металічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» — у выніку наезду адбыўся пракол шын чатырох аўтамабіляў, паведамляюць праваабаронцы.

ruslan_slucki.jpg

Суд Полацкага раёна 20 студзеня вынес жорсткі прысуд Руслану Слуцкаму, якога абвінавацілі ў замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК).

Справу разглядаў суддзя Андрэй Дзергачоў, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Таццяна Шабека.

38-гадовы жыхар Наваполацка, рамеснік Руслан Слуцкі быў затрыманы 20 студзеня, а 23 студзеня ў адносінах да яго абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Пацярпелыя распавядалі суду, што ім стала вядома пра тое, што аўтамабілі, якія рухаліся першымі ў калоне, наехалі на шыпы ў сувязі з тым, што яны зменшылі хуткасць і спынілі рух транспартных сродкаў, прыпаркаваўшы іх справа на ўзбочыне. Першыя два аўтамабілі належалі мясцовым рэгіянальным СМІ, яшчэ адзін — аднаму з кіраўнікоў грамадскай арганізацыі "Патрыёты Беларусі".


Суд доўжыцца больш месяца па прычыне таго, што агулам пацярпелымі па справе прызнана больш за 70 грамадзянаў, што ўдзельнічалі ў аўтапрабегу "За адзіную Беларусь", які праходзіў 28 кастрычніка 2020 года.

Руслан Слуцкі віну прызнаў часткова.

Суд прызнаў Руслана Слуцкага вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на 11 гадоў. Менавіта столькі і запрасіў прадстаўнік абвінавачання.