Чытач «Новага Часу» даслаў зварот на «Белпошту» аб парушэнні яго правоў

Сталы чытач «Новага Часу», палітолаг, перакладчык, сябра «Саюза беларускіх пісьменнікаў» Уладзімір Рубінчык накіраваў электронны зварот у РУП «Белпошта» з нагоды адмовы ў распаўсюдзе газеты праз падпісны каталог. Вы таксама можаце звярнуцца ў РУП «Белпошта» па прыкладзе спадара Рубінчыка.

photo5298919982115173501_logo.jpg

Вось што напісаў Уладзімір Рубінчык у сваім звароце:
Гендырэктару «Белпошты»Юркевіч Святлане Віктараўне

Вітаю!
Сёння даведаўся пра падпісаны Вамі ліст №15-26/2851 ад 04.06.2021, дзе Вы інфармуеце аб рашэнні РУП «Белпошта» адмовіцца ад распаўсюду па падпісцы газеты «Новы Час» з другога паўгоддзя 2021 года.
З жалем канстатую, што гэтае рашэнне парушае мае правы як чытача газеты, афіцыйна зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь.
Вы разважаеце пра тое, што ў газеце «Новы Час» за 26.02.2021 (№ 8) і за 09.04.2021 (№ 14) былі публікацыі, нібыта «противоречащие требованиям Закона Республики Беларусь от 17.07.2008 № 427-З “О средствах массовой информации”». Аналагічная прэтэнзія змяшчалася ў папярэджанні, падпісаным намеснікам генеральнага пракурора РБ ад 28.05.2021. Але, як 03.06.2021 было даказана ў матэрыяле «Журналисты или экстремисты?» , вывады, зробленыя ў названым папярэджанні, заснаваны на скажэнні цытат з «Новага Часу»: «Сравните: “Ситуация… переходит границу” и корректное “Похоже, ситуация… переходит границу”; “Злость выльется на улицы” и “Злость может вылиться на улицы”; “на депутатах вместе с сотрудниками МВД лежит ответственность” и “на депутатов вместе с сотрудниками МВД ляжет ответственность”…»
Такім чынам, пракурорскае папярэджанне — не ісціна ў апошняй інстанцыі і не прычына, каб спыняць распаўсюд газеты «Новы Час» па падпісцы.
Спадзяюся, Вы перагледзіце сваё паспешлівае рашэнне, і я змагу падпісацца на «Новы Час» праз «Белпошту» яшчэ ў гэтым месяцы.
Прашу даць адказ па электроннай пошце ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, на мове звароту.
Поспехаў у працы.
Рубінчык Уладзімір Паўлавіч,
палітолаг, перакладчык, член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Мінск, 07.06.2021.
Нагадаем, пад вечар пятніцы чытачы сталі паведамляць, што не могуць падпісацца на «Новы Час» ні праз інтэрнэт, ні праз паштовыя аддзяленні. Па тэлефоне гарачай лініі ў пятніцу нам паведамілі, што гэта, магчыма, тэхнічная памылка. Але сёння ранкам прадстаўнікі аддзела падпіскі па тэлефоне паведамілі: «Так, мы прынялі рашэнне не працягваць з вамі супрацоўніцтва. Мы адправілі вам ліст». Высветлілася, што такім чынам кіраўніцтва «Белпошты» адрэагавала на папярэджанне Генпракуратуры галоўнаму рэдактару.
На «Белпошце» запэўнілі, што ўсім, хто ўжо аформіў падпіску на 2-е паўгоддзе, вернуць грошы.
Мы ж заклікаем усіх, хто хацеў бы падтрымаць газету і застацца яе чытачом, паведаміць адрасы для падпіскі. Гэта можна зрабіць праз сацсеткі, нашу электронную пошту novychas@gmail.com ці па тэлефонах рэдакцыі.
У бліжэйшы час мы паспрабуем вырашыць гэтае пытанне і не пакінем вас без любімай газеты.