Да 12 гадоў калоні для фанатаў «Партызана»
На лаве падсудных — шэсць чалавек, віну прызнае толькі адзін. У
матэрыялах справы фігуруюць эпізоды аб бойках, наркотыках і незаконных
арганізацыях.
Набліжаецца да завяршэння так званая «справа антыфашыстаў», абвінавачанымі па
якой праходзяць фанаты ўжо не існуючага футбольнага клуба «Партызан». Па
матэрыялах справы, яны ўчынілі бойку з супернікамі — фанатамі мінскага
«Тарпеда». Акрамя таго, ім прад'яўлена абвінавачанне ў незаконным абароце
наркотыкаў. У ходзе судовых спрэчак пракурор запрасіў для абвінавачаных — да 12
гадоў пазбаўлення волі.
Бойка, якая легла ў аснову крымінальнай справы, адбылася ў чэрвені 2014 года. Па дадзеных праваахоўнікаў, фанаты «Партызана» на машынах блакавалі рух тралейбуса, у якім ехалі фанаты «Тарпеда». Пасля гэтага ініцыятары канфлікту забеглі ў тралейбус, выбілі ў ім шкло, пашкодзілі салон, распылілі слезацечны газ і напалі на тарпедаўцаў.
Па словах праваабаронцы Анастасіі Лойка, па справе праходзіць сем пацярпелых, адзін з іх цяпер адбывае пакаранне за незаконны абарот наркотыкаў. Пацярпелыя заявы не абвінавачаных не пісалі. У судзе яны заявілі, што прэтэнзій да іх не маюць і прасілі строга не караць, максімум — даць папраўчыя работы.
Шкоду ацанілі ўсяго ў 29 рублёў — гэта кошт разбітага вакна ў тралейбусе і падранай курткі аднаго з пацярпелых. Прадпрыемства «Мінсктранс» адмовілася ад грамадзянскага пазову, так як абвінавачаныя даўно пагасілі нанесеныя страты.
На лаве падсудных — шэсць чалавек. Галоўным фігурантам з'яўляецца Ілля Валовік, фанат футбольнага клуба «Партызан» і антыфашыст па поглядах. Хударлявы невысокі хлопец, па версіі абвінавачвання, быў кіраўніком шасці незарэгістраваных арганізацый, якія заклікалі да гвалту і пасягаў на правы грамадзян (ч. 2 арт. 193 КК). Вось некаторыя назвы «арганiзацый»: «Хеўра», «Першая Кроў», Red Hanters, New school band.
Па сутнасці, гэта фанацкія групы ў сацсетках, але праваахоўнікі настойваюць, што Валовік, выкарыстоўваючы інтэрнэт, арганізоўваў ледзь не атрады байцоў, якія павінны былі змагацца з ідэалагічнымі праціўнікамі (ч. 4 арт. 14 да ч. 3 арт. 339 КК ). Супернікамі былі фанаты футбольных клубаў «Тарпеда» і «Дынама—Мінск». Пракурор просіць даць Валовіку да 10 гадоў калоніі.
Вадзім Бойка — самы высокі і падцягнуты, у матэрыялах справы фігуруе як «дзёрзкі хуліган» (ч. 3 арт. 339 КК). Паводле звестак праваабаронцаў, у Бойкі прыроджаная гемангіёма (дабраякасная пухліна). Яму дзяржабвінаваўца запрасіў пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі.
Таксама пад вартай знаходзяцца Арцём Краўчанка і Андрэй Чартовіч. Першага абвінавачваюць не толькі ў хуліганстве, але і ў захоўванні і распаўсюдзе наркотыкаў (ч. 3 арт. 339, ч. 1 і ч. 3 арт. 328 КК). Другога — толькі ў распаўсюдзе (ч. 3 арт. 328 КК). На думку пракурора, ім варта прызначыць пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі.
На волі знаходзяцца Зміцер Цехановіч і Філіп Іваноў. Першы на момант злачынстваў быў непаўналетнім, цяпер працуе грузчыкам у краме. Яго за хуліганства пракурор прасіць прысудзіць да 6 гадоў калоніі. Іваноў скончыў медуніверсітэт і працуе інтэрнам у бальніцы. Калі суд прыме аргументы дзяржабвінаваўцы, бліжэйшыя 4 гады хлопец можа правесці за кратамі.
Адразу пасля бойкі было затрымана, як мяркуецца, дзесяць зламыснікаў. Праз некаторы час усіх адпусцілі дахаты, бо не змаглі даказаць іх дачыненне да інцыдэнту.
Аднак у 2015 годзе за справу ўзяліся аператыўнікі ГУБАЗ, вядомыя як заўзятыя змагары з экстрэмізмам, асабліва ў фанацкім асяроддзі.
У лютым 2016 года праваахоўнікі затрымалі Краўчанку і Чартовіча за наркотыкі. Паводле звестак праваабаронцаў, тыя далі паказанні і па бойцы, якая адбылася ў чэрвені 2014-га. Пасля гэтага аператыўнікі правялі ператрусы ў кватэрах антыфашыстаў. І ў красавіку 2016-га затрымалі Бойку і Валовіка, пазней — Цехановіча і Іванова.
Частка судовага пасяджэння, як і спрэчкі, праходзіць у закрытым рэжыме. Па словах відавочцаў, сведкі, якіх выклікалі ў суд, заяўлялі пра тое, што супрацоўнікі ГУБАЗ аказвалі на іх ціск, каб тыя мянялі паказанні. У бліжэйшыя дні ў судзе выступяць адвакаты абвінавачаных, пасля чаго фігурантам крымінальнай справы дадуць права на апошняе слова.
Валовік і Бойка заявілі, што прызнаюць віну часткова, згодныя на ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб — арышт да шасці месяцаў або пазбаўленне волі да 3 гадоў). Такая ж пазіцыя ў Іванова. Ён, праўда, не ўдакладніў, з чым у абвінавачванні не згодны.
Краўчанка і Чартовіч прызнаюць віну толькі ў захоўванні наркотыкаў (ч. 1 арт. 328 КК — абмежаванне або пазбаўленне волі да пяці гадоў). Дзмітрый Цехановіч — адзіны, хто цалкам прызнае сябе вінаватым (па ч. 2 арт. 339 КК).
naviny.by, Фота Сяргея Сацука
Пераклад НЧ