Да Вячаслава Сіўчыка не пускаюць адваката
У турме на Акрэсціна лідар Руху Салідарнасці «Разам» адбывае 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці, што прайшла 1 мая ў Мінску.
![Вячаслаў Сіўчык на акцыі 1 мая Вячаслаў Сіўчык на акцыі 1 мая](/img/v1/images/siuczyk_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вячаслаў Сіўчык на акцыі 1 мая
Падчас суда Вячаслаў Сіўчык абвясціў галадоўку супраць умоў утрымання ў турме на Акрэсціна.
Як распавяла маці палітыка Галіна Сіўчык, адвакату ўжо некалькіх дзён адмаўляюць у сустрэчы з Вячаславам Сіўчыкам, а ў сувязі з аб’яўленай галадоўкай яна баіцца за здароўе сына.
— Учора таксама не пусцілі адваката. Яна сёння яшчэ не хадзіла, бо на судзе, але будзе надалей дамагацца сустрэчы з ім. Мы нічога не ведаем. У мяне ўвогуле нейкае нядобрае адчуванне. Яго, відаць, катуюць, збіваюць і не хочуць, каб бачылі гэта. Калі тры дні галадоўкі было, то і не было так заўважна. Чаго не дапускаць?
![На акцыі 1 мая 2017 года На акцыі 1 мая 2017 года](/img/v1/images/mehafon_akcyja_01052017_2_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На акцыі 1 мая 2017 года
Вячаслаў Сіўчык з турмы на Акрэсціна павінен выйсці на волю 18 мая. Апошнім часам адвакатаў не пусцілі таксама і да палітыкаў Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, якія таксама адбывалі на Акрэсціна кароткатэрміновыя адміністрацыйныя арышты.
У сувязі з гэтым старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў зварот да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка.
Праваабаронца лічыць, што гэта «сведчыць пра грубыя парушэнні законных правоў асобаў, якія былі падвергнутыя адміністрацыйным спагнанням у выглядзе кароткатэрміновага пазбаўлення волі (адміністрацыйным арыштам), а менавіта права на абарону».
Ганна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя