Да пасольства Чэхіі мінчане нясуць кветкі і свечкі
18 снежня памёр апошні прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэхіі, вядомы літаратар Вацлаў Гавал.
19 снежня 2011 года да пасольства Чэхіі, каб выказаць спачуванні ў сувязі са смерцю Вацлава Гавала, мінчане нясуць кветкі і свечкі.
Кніга спачуванняў адкрытая ў чэшскім пасольстве 20 і 21 снежня. У ёй можна будзе пакідаць запісы з 10.00 да 13.00 і з 13.00 да 16.00.
18 снежня памёр апошні прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэхіі, вядомы літаратар Вацлаў Гавал.
19 снежня 2011 года да пасольства Чэхіі, каб выказаць спачуванні ў сувязі са смерцю Вацлава Гавала, мінчане нясуць кветкі і свечкі.
Кніга спачуванняў адкрытая ў чэшскім пасольстве 20 і 21 снежня. У ёй можна будзе пакідаць запісы з 10.00 да 13.00 і з 13.00 да 16.00.
Вацлаў Гавал быў адным з маральных аўтарытэтаў у палітыцы. Многія беларускія палітыкі сустракаліся з ім. Хтосьці размаўляў з Гавалам толькі аднойчы, хтосьці — неаднаразова. Але ўсе яны кажуць пра вялікія ўражанні ад гэтых сустрэчаў.
Аляксандр Мілінкевіч:
«Ёсць вялікія людзі: пісьменнікі, палітыкі, мастакі. Але для мяне Вацлаў Гавал быў чалавекам з вялікай літары, у якім гэта ўсе спалучалася. Ён здолеў спалучыць неверагодны грамадскі аўтарытэт з эфектыўнай палітычнай дзейнасцю», — так лідар Руху «За Свабоду» згадвае і ацэньвае асобу пайшоўшага з жыцця былога чэшскага прэзідэнта Вацлава Гавала.
«Кажуць, што палітыка — брудная справа… Але гэты светлы чалавек мог займацца палітыкай, застаючыся такім жа чыстым, на карысць свайго народа.
Ён быў чалавек вялікіх маральных вартасцяў, і чэхам пашчасціла, што ён быў такім. Гэта велічэзная страта… Гавал шмат высілкаў траціў на карысць дэмакратыі ў Беларусі. Ён пастаянна
пераконваў еўрапейцаў, што без Беларусі Еўропа не будзе паўнавартай, як і Беларусь без еўрапейскай культуры. Заўсёды даводзіў, што Беларусь — еўрапейская нацыя… Мы страцілі
вялікага чалавека», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв'ю «Салідарнасці».
Станіслаў Шушкевіч:
«Для мяне асабіста гэта страта азначае, што памёр чалавек, у якога быў вельмі правільны погляд на рэчаіснасць і на гісторыю станаўлення Чэхаславаччыны, Чэхіі і Славаччыны. Гэта быў бясспрэчны інтэлектуал. І я зразумеў гэта, як то не дзіўна, у 1989 годзе, калі Гавал як бы парыраваў вядомае гарбачоўскае выказванне, што “политика — это искусство возможного.
Гавал у сваім выступе тады сказаў, што “палітыка — гэта мастацтва немагчымага. І прывёў цудоўны прыклад з Янам Масарыкам — сынам прэзідэнта Чэхаславаччыны Тадэвуша Масарыка. Гэты чалавек, не займаючы надзвычай важкай пасады (ён быў амбасадарам у Вялікабрытаніі), змог дамагчыся, каб брытанскі ўрад дэнансаваў пагадненне аб добраахвотнай перадачы Судэтаў фашысцкай Нямеччыне і ўсталяваў добрыя дачыненні брытанцаў з савецкім урадам. Ён зрабіў проста цуд. Я вывучаў гэта пытанне. І штуршок да гэтага мне даў Гавал.
А пасля я шмат разоў сустракаўся з Гавалам асабіста. Ён уваходзіў у журы па прысуджэнні прэміі Леха Валэнсы. І сёлета я быў вельмі засмучаны, што 29 верасня ён на гэта прысуджэнне не прыехаў. Але завочна ён прагаласаваў за ўсё тое, што і мы.
Страта такога вялікага інтэлектуала — гэта страта для ўсяго чалавецтва».
Вінцук Вячорка:
«Людзей такога маштабу, такой біяграфіі, такіх прынцыпаў сярод сучасных еўрапейскіх лідараў, бадай што, і няма. Гэта чалавек, які сімвалізуе рашучае развітанне з таталітарызмам, сімвалізуе шанец на пабудову свабоднага грамадства, грамадства творчага, грамадства, у якім рэалізуецца патэнцыял кожнага чалавека і народа. Гэта — свабоднае грамадства, і зарукай яму была творчая натура Гавала.
Ён ніколі не аддзяляў прынцыпаў ад палітыкі. Ён ёсць увасабленне палітыкі маральнай, ён ёсць антыподам так званай прагматычнай палітыкі, славутай “real politic. Менавіта таму Гавал так заўзятаваў за Беларусь. Менавіта таму ён падтрымліваў і сам ініцыяваў шматлікія справы для падтрымання руху Беларусі да свабоды.
Ён разумеў, як неразрыўна ў нас звязаныя клопат пра свабоду і пра незалежнасць, і пра нацыянальна-моўнае адраджэнне. Падчас размоваў з ім мы закраналі пытанні мовы, нацыянальнай свядомасці, лёсу беларусаў. І яму тут не патрэбна было нешта доўга тлумачыць. І як чэху, і як чуламу чалавеку.
І яшчэ адзін момант. Гэта — фантастычна просты чалавек, без усялякіх мух у носе, без комплексаў вышэйшасці. Яго абсалютна не сапсавала ні ўлада, ні аўтарытэт».
Людміла Гразнова:
«Гавал быў не проста чалавекам з вялікай літары, драматургам, палітыкам. Ён быў сімвалам тых дэмакратычных пераўтварэнняў, якія адбыліся ў краінах Усходняй Еўропы. Хваля эвалюцыйных, вельмі ўзнёслых зменаў асацыявалася найперш з яго імем.
Зараз наспявае новая хваля пераменаў ва Усходняй Еўропе. Яны абавязкова адбудуцца і ў Беларусі, і ва Украіне, і, можа, у пэўнай ступені нават у Расіі. Тое, што адбылося там пасля парламенцкіх выбараў, дае надзею. Эвалюцыя, натхнёная Гавалам, адбудзецца і ў іншых краінах».
Сяргей Скрабец:
«Гэты чалавек цвёрда прытрымліваўся асноваў дэмакратыі і свабоды. Гавал без перабольшвання быў сумленнем Еўропы. Асабліва мудра ён праявіў сябе, калі Чэхаславаччына вызвалялася ад
наступстваў камунізму. І калі краіна мірна і спакойна падзялілася на Чэхію і Славаччыну.
Гавал адстойваў свае прынцыпы дэмакратыі і свабоды. Ён не быў кан’юнктурным палітыкам. Мы можам толькі пазайздросціць, што ў свеце ёсць такія палітыкі, як Гавал. Якія не чапляюцца з усёй моцы за ўладу і якія спакойна гуляюць без аховы па сваёй сталіцы. Гэта прыклад таго, як павінен паводзіць сябе чалавек, які атрымаў уладу».
Паводле БелаПАН, svaboda.org