ДАІ Мінска абяцае не забіраць матацыклы, калі няма парушэнняў
Увечары 19 красавіка байкеры Мінска прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам сталічнай ДАІ, каб вырашыць сітуацыю з канфіскацыяй матацыклаў.
Кіроўцы заяўляюць, што толькі за 18 красавіка ДАІ канфіскавала 32 матацыклы, прычым 11 чалавек яны ведаюць асабіста.
З прысутнымі сустрэўся намеснік начальніка ДАІ Мінгарвыканкама. Ён паабяцаў, што інспектары не будуць канфіскоўваць матацыклы, калі ў кіроўцы дакументы ў парадку і ён не парушыў правілы.
Наконт матацыклаў, якія ўжо забрала міліцыя, ён нічога паабяцаць не змог — маўляў, гэта ўжо юрысдыкцыя экспертаў, якія будуць выносіць сваё рашэнне.
Байкеры, якія прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам ДАІ, не ўваходзяць ні ў якое аб'яднанне. Тым не менш на сустрэчы была дасягнутая дамоўленасць, што кіроўцы разам з інспектарамі зладзяць сярод матацыклістаў разнастайныя навучальныя і агітацыйныя мерапрыемствы. Іх мэтай будзе лепшае выкананне Правілаў дарожнага руху (ПДР).
euroradio.fm