Дальнабойшчыкі выйшлі на дарогу і спынялі фуры ля ПП «Бераставіца»
Напружаная сітуацыя склалася сёння ля пункта пропуску "Бераставіца" ў Гродзенскай вобласці: дзясяткі вадзіцеляў выйшлі на дарогу і пачалі самастойна рэгуляваць рух вялікагрузаў. АўтаГродна даведалася, што адбываецца.
— За 27 гадзін я не праехаў ніводнага сантыметра, — абураецца кіроўца, які стаіць у чарзе грузавікоў паблізу населенага пункта Пагранічны. — У гэты час міма мяне ў бок мяжы стала праязджаюць без чаргі іншыя грузавікі. Гэта трэба спыніць.
На вуліцах населенага пункта Пагранічны грузавікам стаяць забаронена. Таму чарга цягнецца да населенага пункта, потым разрываецца і працягваецца пасля яго. Агульная даўжыня чаргі каля 20 кіламетраў.
— Многія вадзіцелі праязджаюць міма нашай чаргі, едуць праз Пагранічны і спыняюцца ў хвасце першай чаргі. Калі спытаеш, чаго ён праехаў міма, вадзіцель скажа, што мае пропуск. Праблема ў тым, што ў 70% такіх кіроўцаў пропуску няма, яны ўводзяць у зман астатніх, каб тыдзень не стаяць у чарзе, — распавядае АўтаГродна суразмоўца.
Дальнабойшчыкі гавораць, што з-за такіх вадзіцеляў руху "хваста" чаргі не было ўжо каля трыццаці гадзін. Сёння раніцай вадзіцелі з "хваста" не вытрымалі і выйшлі на дарогу.
— Спачатку вадзіцелі падышлі да супрацоўнікаў ДАІ, якія прыехалі праверыць абстаноўку ў чарзе. Але інспектары сказалі, што іх абавязак кантраляваць бяспеку руху і правяраць, каб ніхто не стаяў уздоўж вуліц у самім населеным пункце. Таму мае калегі патэлефанавалі ў пункт пропуску. Там паабяцалі, што да нас прыедзе афіцыйны прадстаўнік, — гаворыць мужчына.
Абураныя кіроўцы патрабуюць пачаць перапісваць нумары грузавых аўтамабіляў у чарзе і звяраць іх на ўездзе ў пункт пропуску "Бераставіца". Парушальнікаў разварочваць у канец чаргі, як мінімум. Як максімум, дзейнічаць як палякі. З польскага боку гэты момант кантралюецца: калі нехта едзе міма чаргі, яго спыняюць і выпісваюць штраф у 500 злотых. Па-другое, грузавікі з ГЛЦ "Бераставіца" трэба адпраўляць у канец чаргі. справа ў тым, што ў лагістычны цэнтр "Бераставіца" прыязджаюць "затамажвацца" многія грузавікі. Натуральна, дзеля гэтай працэдуры яны праязджаюць міма ўсёй чаргі і аказваюцца ў лагістычным цэнтры. Але раней пасля гэтай працэдуры іх накіроўвалі ў канец чаргі, а цяпер яны застаюцца на тэрыторыі пункта пропуску. У выніку хутка праходзяць мяжу. Гэта несправядліва, лічаць дальнабойшчыкі.
Вадзіцелі спрабавалі спыняць фуры, якія праязджаюць міма іх, і высвятляюць у вадзіцеляў, на якой падставе тыя едуць у бок граніцы.
Па стане на 12:20 дальнабойшчыкі і супрацоўнік ДАІ развярнулі першы грузавік, вадзіцель якога спяшаўся аб'ехаць доўгую чаргу.