Дар’я Лосік: СІЗА ў Гомелі выбрала найбольш вычварны метад блакавання лістоў

«Калі яны так распраўляюцца са звычайнымі лістамі, напісанымі на паперы, то вы толькі ўявіце, якую пагрозу для іх уяўляюць разумныя і моцныя людзі», — Дар’я Лосік расказала пра тое, як працуе цэнзар у СІЗА-3 горада Гомеля.

244282632_3102699100054923_3167775748397100323_n.jpg

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Дар’я Лосік напісала, што ў мінулую суботу атрымала ад Ігара ліст. І ў гэтым лісце Ігар Лосік «са здзіўленнем пытаўся, чаму я пішу ліст на абрыўках паперы, і чаму ён складаецца ўсяго з некалькіх фраз».

Дар’я Лосік з сумам зазначае: «Так лісты я ніколі не пішу, дый да гэтага ніякіх прэтэнзій ад майго мужа з гэтай нагоды ніколі не было. І тут становіцца вельмі зразумела, што цэнзар, калі чытае лісты, проста абрывае іх, пакідаючы некалькі сказаў з тэксту. А цяпер пытанне: "Што павінна прыйсці камусьці з іх у галаву, каб пачаць так рабіць?" Бо яны выдатна ведаюць, што я знаходжуся тут увесь час, і любымі шляхамі падтрымліваю свайго мужа, і стараюся як мага часцей пра яго гаварыць».

Дар’я піша: «Калі яны так распраўляюцца са звычайнымі лістамі, напісанымі на паперы, то вы толькі ўявіце, якую пагрозу для іх уяўляюць разумныя і моцныя людзі, і таму яны гатовыя прыдумляць усё што заўгодна, імкнучыся хоць неяк напаскудзіць. Падагульню... з усіх месцаў зняволення, дзе знаходзіўся мой муж, СІЗА-3 У Гомелі, выбрала найбольш вычыварны метад блакавання перапіскі».

Напісаць Ігару Лосіку можна на адрас: 246003, г. Гомель, СІЗА-3, вуліца Кніжная, 1А.