«Прысуд будзе суровым». Ігар Лосік за кратамі 470 дзён

Ігара Лосіка, затрымалі дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 года. Суд над ім ідзе ўжо больш за тры месяцы, нагадвае «Свабода».

05450000_0a00_0242_dcf6_08d989a199bb_w1023_r1_s.webp

Судовы працэс у справе Ігара Лосіка, кансультанта «Радыё Свабода», якога судзяць разам з Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітвязняў, пачаўся на тэрыторыі гомельскага СІЗА-3 24 чэрвеня. Ён не скончыўся дагэтуль, праз закрытасць працэсу пра яго ход нічога не ведаюць нават родныя абвінавачаных.

Пра тое, што адбываецца цяпер з Ігарам, «Свабодзе» расказала яго жонка Дар’я, якая ад самага пачатку суда кожны дзень працэсу праводзіць ля сцен СІЗА, куды прыязджае з Баранавічаў.

Дар'я Лосік жонка Ігара Лосіка.

Дар'я Лосік жонка Ігара Лосіка.

«У мінулую суботу, 23 верасня, атрымала ліст ад Ігара, у якім ён пытаўся, чаму я яму пішу на абрыўках паперы і ўсяго толькі некалькі радкоў, — расказвае Дар’я. — Я спачатку зусім не зразумела, пра што ён. Бо звычайна пішу на цэлых лістках. Няважна, з нататніка яны альбо са сшыткаў. Гэта заўсёды цэлыя старонкі, спісаныя з двух бакоў. Часам нават некалькі лістоў. І ніколі так не бывае, што там толькі некалькі радкоў. Яны спісаныя цалкам. Я стараюся пісаць шмат. Таму я думаю, што такім чынам у СІЗА на Ігара ціснуць. Маўляў, вось, паглядзі, як табе піша твая жонка. Але гэта не спрацуе, бо яго жонка ў Гомелі ўжо чацвёрты месяц сядзіць пад сценамі СІЗА кожны дзень».

Дар’я, расказвае, што працягвае ездзіць у Гомель з Баранавічаў з канца чэрвеня. Ля будынка, дзе судзяць яе мужа Ігара, яна знаходзіцца кожны дзень судовага працэсу.

«Калі б мне сапраўды было пляваць на тое, што тут адбываецца, калі б я па-наплявацельску ставілася да таго, што тут адбываецца, да свайго мужа, я б цяпер не тут была, а ў сябе дома, і займалася б там тым, чым бы мне захацелася, — абураецца Дар’я Лосік. — Гэта чарговая іх спроба нам нашкодзіць. Псіхалагічна націснуць на Ігара».

Паводле слоў жонкі палітвязня, іх перапіска з Ігарам неаднойчы перарывалася і мела перашкоды, аднак асабліва яны ўзмацніліся пасля пераводу Ігара Лосіка ў СІЗА-3 у Гомелі і пачатку судовага працэсу па яго справе.

«Не скажу, што мяне можна нечым здзівіць, але гэта нешта новенькае, — расказвае Дар’я. — Незвычайна было даведацца, што мае лісты там неяк ірвуць, адрываюць ад іх кавалкі».

Сама Дар’я за апошнія чатыры тыдні атрымала ад мужа толькі адзін ліст. Ён быў не вельмі пазітыўным, Ігар расказваў пра тое, што суд працягваецца. 

Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы стаяць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі. Гомель, 24 чэрвеня 2021 года

Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы стаяць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі. Гомель, 24 чэрвеня 2021 года

На днях Дар’я Лосік паслала мужу чарговы ліст на чатырох старонках, уклала ў яго два фотаздымкі. Яна спадзяецца, што ліст да Ігара дойдзе цэлым. Паводле слоў Дар’і, эмацыйны стан яе мужа пастаянна мяняецца. Пра нешта ён піша з пазітывам, пра нешта наадварот — з тугой. Пра судовы працэс над мужам Дар’я па-ранейшаму нічога не ведае. Невядома нават, на якім этапе цяпер разбор справы.

«Калі можа быць вырак, я праўда не ведаю, — прызнаецца Дар’я. — Чаму працэс ідзе так доўга? Я ўжо, напэўна, не раз гаварыла, што там 180 тамоў. І Ігар на спатканні мне пра гэта расказваў. Відаць, таму ўсё так доўга. Плюс, магчыма, каб маральна знішчыць апанентаў. Змучыць іх судовым працэсам. Калі казаць пра магчымы прысуд, то я не чакаю справядлівасці. Тут цяпер нічога справядлівага не адбываецца. Тут ідзе вайна з усёй грамадзянскай супольнасцю і ні пра якую справядлівасць не выпадае гаварыць. Я думаю, што прысуд будзе дастаткова суровым».