Даследаванне: нягледзячы на кантэкст, беларусы гатовыя вырашаць праблемы экалогіі

Экалагічная арганізацыя «Экадом» правяла сацыялагічнае даследаванне, паводле вынікаў якога кожны пяты актыўны жыхар гарадской прасторы цікавіцца праблемамі забруджвання наваколля і перапрацоўкай адкідаў.

_belarus___staroe_i_maladoe____baracba___zmahanne__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Экалагічная арганізацыя «Экадом» сумесна з «Прэс-клубам» прадставілі ў межах анлайн-прэзентацыі вынікі сацыялагічнага даследавання, піша «Беларускае Радыё Р*цыя».
Асноўны вынік апытання беларусаў агучыў сацыёлаг, прадстаўнік групы незалежных экспертаў Канстанцін Несцяровіч:
— У беларускім грамадстве, нягледзячы на ўвесь кантэкст, ёсць ядро людзей, і яно даволі вялікае, (прыкладна кожны пяты сярод нашай аўдыторыі — гэта 10–20 % у цэлым сярод беларусаў), актыўных гараджан, для якіх экалагічная праблематыка вельмі цікавая. Канкрэтна людзей больш за ўсё цікавіць забруджванне і перапрацоўка адкідаў. Праблема БелАЭС — тут вялізная неінфармаванасць людзей: то-бок 40% проста не ведаюць, што там адбываецца.
Паводле вынікаў даследавання, 82% беларусаў лічаць, што менавіта дзяржава мусіць вырашаць экалагічныя праблемы. 60% апытаных указваюць на тое, што дзяржава надае занадта мала ўвагі вырашэнню экалагічных праблем. Самы бяспечны сродак для беларусаў у камунікацыі з дзяржавай — грамадскія слуханні. А вось увага СМІ да пытання бачыцца небяспечнай.