Дашкевіч — міліцыянтам: «Калі вы заклапочаныя, смакчыце дубінку ўдома»
Падчас адкрыцца помніка Леніну Змітра Дашкевіча міліцыя спачатку затрымала, а потым адпусціла. Што адбылося паміж гэтым, лідар «Маладога фронту» распавядае «Белсату».
— Для нас было справай сумлення не дазволіць проста так адкрыць новы помнік ідэолагу Чырвонага тэрору, забойстваў і нянавісці. Мы проста ўзвысілі свой голас супраць, каб гэтыя ашалелыя камуністы разумелі, што гэта не святочная, а ганебная імпрэза.
Мы ў прынцыпе на нешта большае не разлічвалі. Паказальная рэакцыя камуністаў, якія трымалі сцягі, яны пачалі адразу з агрэсіяй кідацца, вырываць плакаты, біць некаторых у твар.
Мяне асабіста пачалі біць у аўтобусе, калі загрузілі на падлогу — білі нагамі, білі падгалоўнікам ад сядзення.
Яны кажуць: «Што — вам наш Ленін перашкаджае?». Я ў адказ: «Дык гэта сатана, ідэолаг забойстваў. Вы — дзеці сатаны, калі яго бароніце». Яны адразу зварʼяцелі. Адзін з іх узяў пальцамі мой нос і задраў маю галаву ўверх, а другі тыкаў дубінкамі ў зубы і крычаў «Сасі!». Яны там вычварэнцы. Такога, каб дубінкай у вусны, я не памятаю, з такім ніколі не сустракаўся.
Іншаму актывісту яны таксама тыкалі дубінкай у вусны. У райаддзеле я ім кажу: «Калі вы ўсе тут такія заклапочаныя сексуальна, удома займайцеся, смакчыце дубінкі адзін аднаго. З людзьмі можна абыходзіцца па-іншаму, асабліва калі вы — прадстаўнікі закону».
Я думаю пісаць на іх скаргу ў пракуратуру, і калі яны даведаліся, што я проста гэтак збіццё не пакіну, склалі на мяне ажно тры пратаколы: за несанкцыянаваны мітынг, хуліганства і супраціў міліцыі.
Заўтра я думаю напісаць скаргу ў пракуратуру: не для таго, каб хтосьці тут справядлівасць навёў, а проста каб задакументаваць гэтыя дзеянні.