У Гомелі адбудзецца суд над міліцыянтамі-лжэсведкамі
Суддзя суда Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Домненка распачала грамадзянскую справу па зыску актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзіміра Няпомняшчых аб спагнанні з лжэсведак, маёра міліцыі Андрэя Лук’янцава, прапаршчыка Ігара Ючко і Міхаіла Аленіча па 1 капейцы.
З абласнога УУС, дзе служаць лжэсведкі, праз абласное казначэйства апазіцыянер патрабуе маральную шкоду ў памеры 9 900 руб.
Па версіі сведак-міліцыянтаў, Уладзімір сярод дня выйшаў з тралейбуса і ні з таго, ні з сяго пачаў нецэнзурна лаяцца, размахваць рукамі, на заўвагі не рэагаваў. Калі ж тыя сталі яго затрымліваць, ён яшчэ аказаў непадпарадкаванне, упіраўся рукамі і нагамі, адмаўляўся сесць у службовы аўтамабіль.
Задаць пытанні лжэсведкам з міліцыі ў судзе не атрымалася, бо акурат у дзень суда тыя з’ехалі ў камандыроўку. Хадаўніцтва актывіста, каб адкласці разгляд справы да моманту вяртання з камандыроўкі суддзя пакінуў без задавальнення.
“Стала практыкай, калі супрацоўнікі міліцыі абвінавачваюць нас у дробных хуліганствах, а потым ілжэсведчаць супраць у судах. Так атрымалася і ў мяне. Пры разглядзе адміністрацыйнай справы судззя не даў мне магчымасці паглядзець ілжэсведкам у вочы, запытаць, у якіх сем’ях яны выхоўваліся, ці хлусяць яны сваім дзяцям. Я спадзяюся што пры разглядзе майго зыска ў гэтых ілжэсведак не атрымаецца схавацца за камандыроўкай", — патлумачыў У. Няпомняшчых.
Паседжанне ў судзе прызначана на 9 лістапада ў 14.30.
Гомельская Вясна