«У дакумента тры адрасаты». Дэмсілы ствараюць рэестр канфіскаванай маёмасці, якую будуць вяртаць
Здаецца, пачынае рэалізоўвацца ідэя, якая лунала ў паветры. У адказ на супрацьзаконную канфіскацыю маёмасці ў палітычных эмігрантаў (найперш, вядома, нерухомасці) дэмакратычныя сілы роюяць захады ў адказ.
Планы ўладаў адабраць маёмасць у палітычных апанентаў, якія выехалі з Беларусі, набіраюць усё новыя абароты. Колькасць тых, у каго яна арыштаваная ўжо ідзе на сотні асобаў, і спыняцца на гэтым яны, відаць, не збіраюцца. У сваю чаргу дэмакратычныя сілы распрацоўваюць інструменты, каб вярнуць канфіскаванае законным уласнікам, калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца на лепшае, піша «Белсат».
Блок «Еўрапейскі выбары» рыхтуе рэзалюцыю Каардынацыйнай рады, згодна з якой будзе распрацаваны закон «Аб парадку і ўмовах аднаўлення правоў уласнасці грамадзян на захаваную нерухомасць, а таксама на выплату кампенсацый». У падмурак новых прапановаў лёг закон Літвы ад 1994 года, паводле якога па 2001 год уласнікам вярталася іх маёмасць, канфіскаваная савецкімі ўладамі.
Дакумент дэ-факта пашырае і ўдакладняе Канцэпцыю кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у часе рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якую ў 2023 годзе прэзентаваў Офіс Святланы Ціханоўскай і ў якой абвяшчаецца вяртанне канфіскаванай маёмасці пасля змены ўлады ў Беларусі. У тым ліку ў выпадку, калі ў рэпрэсаванага, напрыклад, канфіскавалі жытло і прадалі іншай асобе.
Навінкай праекту рэзалюцыі з’яўляецца тое, што ён ужо цяпер прапануе стварыць адзіны рэестр асобаў, у якіх з палітычных матываў была канфіскаваная або арыштаваная нерухомая маёмасць. Мяркуецца, што з дапамогай яго грамадзяне, незаконна пазбаўленыя нерухомай маёмасці, змогуць падаваць заяву на аднаўленне правоў уласнасці.
Як растлумачыў Артур Фінькевіч, сябра Каардынацыйнай рады і адзін з распрацоўнікаў праекту рэзалюцыі, дакумент закранае маёмасць, якой людзі былі пазбаўленыя з палітычных прычынаў пачынаючы ад 1996 года. Пры гэтым гаворка вядзецца не абавязкова пра жылую маёмасць, але таксама пра прадпрыемства, фірмы, участкі і гэтак далей.
А вось для асобаў, якія купляюць незаконна канфіскаваную маёмасць, ніякіх кампенсацый не будзе прадугледжана. Тых жа, хто арганізуе і бярэ ўдзел у палітычна матываваных працэсах у канфіскацыі маёмасці, наагул плануецца прыцягнуць да адказнасці.
Як расказаў Фінькевіч, гэты дакумент мае трох адрасатаў: «Першы – гэта людзі, які церпяць, каб яны адчувалі падтрымку і тое, што гэтыя факты злачынства зафіксаваныя, што пры змене сітуацыі ў Беларусі будзе кампенсацыя за іх нерухомасць: або грашовая, або фактычна яна сама будзе вернутая.
Другі адрэсат — гэта улады, якім трэба паказаць, што іх дзеянні фіксуюцца і адказнасць у любым выпадку будзе.
І трэці — гэта тыя людзі, якія могуць патэнцыйна хацець набыць канфіскаваную нерухомасць з аўкцыёнаў з вялікім дысконтам ад рынкавага кошту. Трэба паказаць ім, што сваё шчасце немагчыма пабудаваць на чужым горы і што трэба правяраць аб’ект нерухомасці, калі яго набываеш, асабліва ў сённяшніх умовах».
Папаўняць рэестр плануецца на падставе адмысловых зваротаў грамадзянаў, бо нельга «прымаць за іншых людзей рашэнні», сказаў Фінькевіч. На яго думку, з дапамогай гэтага рэестру нават агенцтвы маглі б правяраць абʼекты нерухомасці перад продажам на тое, ці не былі яны раней канфіскаваныя з палітычных матываў і ці магчымае ў будучыні прызнанне ўгодаў куплі нікчэмнымі.
«Для агентстваў таксама ёсць пэўныя рызыкі, у тым ліку маёмасныя. Яны былі б таксама зацікаўленыя ў тым, каб спраўджваць абʼекты нерухомасці перад іх продажам ці купляй іх патэнцыйнымі кліентамі», – адзначыў Фінькевіч.
Праўда, рэестр, прынамсі пакуль, рабіць публічным не плануецца. Доступ да яго прапануюць надаваць агенцтвам на пэўны запыт, а таксама праваабаронцам і спецыялістам, якія «будуць працаваць у гэтым кірунку».
Разам з тым існуе верагоднасць, што гэты рэестр улады Беларусі прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а запыт доступу да яго — садзейнічаннем «экстрэмісцкай» дзейнасці. У такім разе суразмоўца раіць «шукаць магчымасці бяспечнага запыту», каб спраўдзіць гісторыю аб’екту.
Тыя ж, хто не захоча спраўдзіць гісторыю аб’екту нерухомасці перад яго набыццём, рызыкуе пазней пазбавіцца маёмасці, калі яна была адабраная рэжымам Лукашэнкі з палітычных матываў. Неведанне не павінна пазбаўляць ад адказнасці, мяркуе Фінькевіч.
Пры гэтым суразмоўца не выключае, што адмысловая камісія ці суд усё ж будуць разглядаць пытанне таго, ці ведала асоба перад набыццём маёмасці пра тое, што тая была канфіскаваная.
«Павінна быць прэзумпцыя невінаватасці, але ў гэтым выпадку, мне падаецца, мы павінны кіравацца ад абароны законных правоў і інтарэсаў тых людзей, якія зазналі рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму», — сказаў сябра Каардынацыйнай рады.
Асобнага разгляду патрабуюць пытанні таго, хто будзе несці адказнасць у выпадку таго, што канфіскаваная з палітычных прычынаў маёмасць будзе пасля яшчэ раз перапрададзеная.
«Такія моманты таксама прапрацоўваюць. Звычайна, калі ёсць такі ланцужок, то церпіць у ім апошні», — адзначыў суразмоўца.
Фінькевіч прызнаў, што ў такім разе той, хто паспеў набыць канфіскаваную маёмасць з вялікай зніжкай і пасля яе перапрадаць, у выніку можа нават «зарабіць нешта». Тады як асоба, якая з’яўляецца ўласнікам на момант зменаў у Беларусі і падачы заявы на кампенсацыю нанесенай шкоды, будзе ў «найбольш нявыгаднай сітуацыі».
«Таму тут адзіная рэкамендацыя — спраўджваць усе абʼекты нерухомасці перад купляй», — сказаў прадстаўнік КР.
Пры гэтым, на яго думку, мусіць быць асобны дакумент, што прадугледжваў бы адказнасць для асобаў, якія б хацелі зарабіць на перапродажы канфіскаванай маёмасці. Такі дакумент мог бы ісці ў звязцы з законам пра люстрацыю, мяркуе Фінькевіч.
Канфіскацыю маёмасці апанентаў улады Беларусі практыкавалі і раней. Але найбольш маштабнай яна настала пасля таго, як Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары 2020 года і развязаў праз гэта ў краіне тэрор. За апошнія гады былі прададзеныя лецішча Ніны Багінскай, кватэры Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, Валера і Веранікі Цапкалаў, Уладзіміра Лабковіча, дом Алены Янушкоўскай. У вялікай колькасці актывістаў дэмакратычных сілаў і журналістаў маёмасць можа быць выстаўленая на аўкцыён ужо неўзабаве — шмат у каго на яе ўжо накладзены арышт.
Колькасць такіх кватэраў і дамоў толькі павялічваецца. У канцы траўня Следчы камітэт паведаміў, што пачаў крымінальныя справы ў дачыненні 257 кандыдатаў у Каардынацыйную раду. Перад тым крымінальныя справы былі заведзеныя ў дачыненні да больш як 200 беларусаў замежжа, якія ўдзельнічалі ў акцыях за мяжою. У абодвух выпадках улады падкрэсліваюць, што ў дачыненні беларускай маёмасці падазраваных праводзіцца накладанне арышту «для забеспячэння прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі стратаў, у тым ліку ў рамках спецыяльнага вядзення».
Дый самаабвешчаны кіраўнік Беларусі наўпрост заяўляў,
што маёмасць палітэмігрантаў на радзіме будзе канфіскаваная: «Не
забывайце, што ў вас нейкая ўласнасць ёсць тут, — раю
ўжо забыцца пра гэту ўласнасць».