Дэпутат Сейму заклікае палякаў вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі
Дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч заклікае суайчыннікаў быць салідарнымі з беларусамі і вывесіць 25 сакавіка ў сябе дома і на працы бел-чырвона-белыя сцягі. Свой заклік палітык кіроўнай “Грамадзянскай платформы” змясціў на профілі ў Фэйсбуку.
Роберт Тышкевіч, здымак facebook.com
“Жыве Беларусь! Праз тыдзень, 25 сакавіка, мінае 95 год ад абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Для змагароў за свабодную Беларусь гэта сімвалічная дата. Разам з імі заклікаю, каб 25 сакавіка мы на адзін дзень вывесілі ў сваіх дамах і ўстановах (хто можа) бел-чырвона-белы сцяг Беларусі. Гэта будзе знак салідарнасці палякаў для беларусаў у іх слушнай барацьбе за дэмакратыю”, — напісаў Тышкевіч.
Для таго, каб нагадваць пра гэтую ініцыятыву, Роберт Тышкевіч змясціў на профілі ў сацыяльных сетках свой здымак з бел-чырвона-белым сцягам.
Роберт Тышкевіч з’яўляецца віцэ-старшынёй Камісіі замежных справаў польскага Сейму і сябрам парламенцкай групы па кантактах з Беларуссю.