Адмену роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве тармозіць Расія

Адмяніць роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй зноў не атрымалася. Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота растлумачыў гэта тэхнічнымі і фінансавымі праблемамі, якія ўзніклі ў працэсе, паведаміла «Еўрарадыё».

1574935384171582020.jpg

Рыгор Рапота падкрэсліў, што ў канчатковым выніку роўмінг будзе адменены. Але гучыць гэта ўжо як мантра накшталт «Карфаген павінен быць разбураны».

Над адменай роўмінгу Беларусь і Расія працуюць ужо сем гадоў. У снежні 2019 года на гэту тэму была падпісана дарожная карта — адна з тых 31, па якіх павінна была паглыбляцца інтэграцыя. Але нешта зноў пайшло не так.

Што за тэхнічныя і фінансавыя праблемы сталі на дарозе паглыблення інтэграцыі? Выясніць гэта пытанне ў самога Рыгора Рапоты не атрымалася: чыноўніка не было на рабочым месцы. У прэс-службе Саюзнай дзяржавы Еўрарадыё адказалі коратка: «Нам няма чаго дадаць да слоў Рыгора Аляксеевіча».

Крыніца Еўрарадыё ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Беларусі расказала, што тармозіць працэс Расія. А з беларускага боку для адмены роўмінгу ўсё гатова:

«У Беларусі праблемы няма — мы тэхнічна гатовыя. Мы рэгулярна давалі справаздачу аб тым, што робіць беларускі бок. А мы ўсё зрабілі, што было прапісана ў «дарожнай карце».

Але пакуль што чыноўнікі могуць пахваліцца толькі тым, што з 1 лістапада 2020 года плата за роўмінг была зніжана ў 20 разоў: з 30 цэнтаў да 1,5 цэнта за хвіліну. Зрэшты, бясплатныя размовы ўжо даўно дораць сваім карыстальнікам розныя мабільныя праграмы. Дый месенджары ні ў Беларусі, ні ў Расіі пакуль што не забароненыя. Пакуль што.

 

Сіндром адмены

Адмена роўмінгу — працэсуальны даўгабуд у адносінах Беларусі і Расіі, якому ўжо больш за сем гадоў. Еўрарадыё ўспамінае, хто, калі і якія прагнозы агучваў пра перспектыву безбар'ернай сувязі паміж дзвюма краінамі.

 

2013 год

Планы тады былі больш амбіцыйныя: забыцца пра роўмінг абяцалі не толькі карыстальнікам мабільнай сувязі Беларусі і Расіі, а наогул жыхарам усіх краін Мытнага саюза.

Такую магчымасць тады агучыў міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Адзінай эканамічнай прасторы Нурлан Алдабергенаў. Па словах палітыка, пытанне адмены роўмінгу званкоў паміж краінамі Мытнага саюза магло быць станоўча вырашана ў найбліжэйшыя тры-чатыры гады, гэта значыць да 2017 года.

 

2014 год

Пытанне міжнароднага роўмінгу краін Мытнага саюза абмяркоўваецца Агенцтвам па абароне канкурэнцыі і Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Калі будзе рэалізаваны праект? Зноў называецца тэрмін «найбліжэйшыя тры-чатыры гады», гэта значыць адмена роўмінгу перанесена на 2018 год.

 

2017 год

Праект закона аб адмене роўмінгу паміж Расіяй і Беларуссю ўнесены ў Дзярждуму РФ. Ініцыятыву расійскіх парламентарыяў ухваліў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Меркавалася, што змены ў закон «Аб сувязі» ўступяць у сілу з 1 студзеня 2018 года. Аднак навін пра гэту ініцыятыву больш не было. На расійскім партале прававой і нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі гэты праект закона ў падпісаным выглядзе адсутнічае.

 

2018 год

Міністэрствы сувязі Беларусі і Расіі дамовіліся адмяніць роўмінг паміж краінамі. Праўда, на сумесным пасяджэнні ведамстваў тэрміны, калі гэта адбудзецца, тады не называліся.  

 

2019 год

У красавіку кіраўнік Федэральнай антыманапольнай службы Расіі Ігар Арцем'еў расказаў, што рашэнне пытання з адменай роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй «прасоўваецца добра». Пра канкрэтныя тэрміны рэалізацыі праекта ён сказаў наступнае: «Я спадзяюся, што ўжо ў канцы гэтага года».

Аднак у канцы таго, 2019 года адмены не адбылося, але ў снежні была падпісана спецыяльная «дарожная карта». Згодна з ёй, адмена роўмінгу адбудзецца 1 верасня 2020-га.

 

2020 год

Хоць пандэмія COVID-19 замарудзіла афармленне дакументаў, Беларусь і Расія не мяняюць тэрмінаў адмены роўмінгу. Яго ўсё яшчэ плануецца адмяніць у верасні 2020 года, пра гэта ў траўні заяўляюць у Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі. Потым тэрмін зрушваецца на канец года. Потым Рапота абвяшчае, што да канца года нічога не будзе.

Што далей? Ніякіх новых тэрмінаў, да якіх павінен быць адменены роўмінг у Саюзнай дзяржаве, пакуль не агучана.