Добрыя заробкі і ніякага размеркавання. Як Польшча спраўляецца з кадравым голадам у медыцыне

У 2023 годзе Сейм Польшчы вылучыў 6% ВУП бюджэту краіны на медыцыну (у Беларусі, да прыкладу — 4,4%). Гэта дазволіла польскім лекарам мець добрыя заробкі, а пацыентам — разлічваць на якасць і інавацыі ў аказанні паслуг у сферы аховы здароўя, піша «Салідарнасць».

fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas1_1_logo.jpg.webp

Праблем, зрэшты, таксама хапае. У апошнія гады Польшча сутыкнулася з сур'ёзнымі праблемамі ў сферы медыцыны. Праз вайну ва Украіне на краіну абрынуўся самы маштабны за апошнія 80 гадоў міграцыйны паток. Многія з бежанцаў патрабуюць увагі лекараў, пакуль спецыялістаў не хапае.

Паводле справаздачы Еўрастата, яшчэ ў 2021 годзе ў Польшчы на 1000 жыхароў прыпадала ўсяго 2,4 лекара і 5,1 сярэдняга медыцынскага персаналу. І гэта самыя нізкія паказчыкі сярод краін ЕС.

Пакуль што выхад з сітуацыі бачыцца адзін — павышэнне грашовай матывацыі медперсаналу. Так, у бальніцы Свентакшыскага ваяводства прадастаўляюць спецыяльную стыпендыю ў памеры 2 тысяч злотых (каля 500 долараў) на працягу 9 месяцаў для 65 студэнтаў, якія пагодзяцца працаваць у далейшым у гэтай бальніцы.

Таксама з 1 ліпеня ў Польшчы выраслі заробкі для медыцынскіх работнікаў: прыбаўка склала ад 600 да 900 злотых у залежнасці ад пасады і спецыялізацыі. Да прыкладу, заробак лекара-стажора дасягнуў 6028 злотых брута (блізу 1500 долараў). Гэта павінна ўтрымаць лекараў у сістэме аховы здароўя Польшчы.

А вось «прыгоннае права» для выпускнікоў медыцынскіх ВНУ ў Польшчы ўводзіць не плануюць. Маладыя людзі вольныя атрымаць дыплом і самастойна вырашаць, дзе хочуць працаваць.

Нягледзячы на кадравы голад, польская медыцына па-ранейшаму мае нямала станоўчых водгукаў, у тым ліку з боку лекараў, якія пераехалі з іншых краін.

Так, доктар Крысціна, якая атрымала медыцынскую адукацыю ва Украіне, пацвердзіла дыплом у Польшчы і цяпер працуе лекарам у Гданьску, распавядае пра нюансы мясцовай медыцыны: «Я працую ў невялікай раённай бальніцы. І калі я прыехала, то была шакаваная, што ў самай звычайнай, не абласной, бальніцы ёсць два камп'ютарныя тамографы, апарат МРТ, УГД-апарат. Гэта значыць чалавек прыходзіць на прыёмнае аддзяленне і праз 10 хвілін можа мець гатовыя вынікі патрэбнага даследавання абсалютна бясплатна і без праблем!».


Глядзіце таксама

Чэргі ў польскіх клініках могуць тлумачыцца не толькі кадравымі праблемамі, але і зусім іншым падыходам да лячэння ў цэлым. Як і ў многіх краінах Еўропы, паход у аптэку ў Польшчы за большасцю сур'ёзных лекаў магчымы толькі пасля візіту да профільнага або сямейнага лекара.

«Да сямейнага лекара можна чакаць чаргі тыдзень-два. І чым больш горад — тым больш чарга. Мой знаёмы працуе кардыёлагам і распавядае, што на прыватныя візіты да яго чарга на тры месяцы наперад. А калі бясплатна — год-два», — кажа Крысціна.

Вядома, пры вострых і неадкладных станах у Польшчы можна выклікаць службу хуткай дапамогі. Менавіта яна займаецца выратаваннем жыцця, таму яе выклік павінен быць абумоўлены сапраўды сур'ёзнай праблемай, якая непасрэдна пагражае жыццю чалавека. Калі па факце выпадак акажацца не такім, прыйдзецца заплаціць штраф ад 500 да 1500 злотых.

Часцей за ўсё ў экстраных выпадках палякі звяртаюцца ў бальнічныя аддзяленні неадкладнай дапамогі.

Займацца самалячэннем у Польшчы, ды і ў любой іншай краіне ЕС, як прывыклі многія жыхары постсавецкіх краін, не прынята. Нават для звычайных кропель пры банальным ячмені на воку фармацэўту у аптэцы неабходна прад'явіць рэцэпт ад лекара.

Глабальна ў гэтым ёсць рацыянальнае зерне. Бо дзякуючы такому падыходу Польшча ў адрозненне ад Беларусі, Украіны і іншых краін, менш пакутуе ад праблемы антыбіяцікарэзістэнтнасці, якая ўзнікае якраз з прычыны таго, што многія людзі самі сабе «прапісваюць» магутныя прэпараты нават пры звычайным вірусе.

Але сітуатыўна пацыенту даводзіцца праходзіць больш доўгі шлях ад сімптомаў да пастаноўкі дыягназу і лячэнню.

Цікава, што сярэдняя працягласць жыцця ў Польшчы ў 2022 годзе складала 73,4 года ў мужчын і 81,1 у жанчын. У Беларусі ж гэтыя паказчыкі істотна ніжэйшыя — 67,3 у мужчын і 77,7 у жанчын.

Гэтыя лічбы кажуць на карысць таго, што ў цэлым польская медыцына больш эфектыўная за беларускую нават з улікам таго, што да лекара трапіць часцяком лягчэй менавіта ў Беларусі. Зрэшты, цяпер у краінах ідуць рознанакіраваныя працэсы. З Беларусі ідзе масавы адток медыкаў, і многія з іх выбіраюць для працягу кар'еры Польшчу. Так што яна мае шанцы праз не гэтак ужо доўгі час умацаваць свае слабыя месцы.