«Дранік-фэст» — свята ўраджаю гараджан
18 кастрычніка ў Магілёве ўслаўлялі дранікі. Мясцовая суполка «Цэнтар гарадскіх ініцыятыў» прысвяціла гэтай беларускай страве фестываль. Пакаштаваць улюбёны беларусамі бульбяны харч ды паслухаць беларускую музыку ў этнаграфічны комплекс народных промыслаў на «Дранік-фэст» прыйшла не адна сотня магілёўцаў.
Гатавалі дранікі, а потым імі частавалі студэнты Магілёўскага ўніверсітэту харчавання. Яны адны з першых падтрымалі ідэю правядзення «Дранік-фэсту».
«Мы хочам, каб дранік стаў сімвалам адраджэння беларускай кухні», — тлумачылі свой энтузіязм студэнты.
Наш фэстываль не альтэрнатыва «Дажынкам», — даводзіць адна з арганізатарак «Дранік-фэсту», магілёўская журналістка Алена Барысава. «Дажынкі», зазначае яна, — свята, якое праслаўляе земляроба-вяскоўца, а мы ж гараджане: «А ў горадзе што можа аб’яднаць лепей за смачны дранік? Хаця дранік ёсць ня толькі ў нас, у беларусаў. І немцы нешта такое з бульбы гатуюць, і палякі, і літоўцы будуць аспрэчваць іх з намі. Але ж як не круці, дранік ужо стаў брэндам для Беларусі».
Сябра Цэнтру гарадскіх ініцыятыў Юры Стукалаў тлумачыць: фестываль арганізоўваўся такім чынам, каб на ім людзі адпачывалі, а дранік іх аб’ядноўваў у дружную грамаду:
«У якой людзі гаварылі б адзін з адным на роўных і елі б дранікі. І неістотна, хто ты ў гэтай грамадзе: чыноўнік, бізнэсовец, ці проста працоўны. Наш фестываль безалькагольны, і гэта дужа добра. Мы адразу адсякаем тую публіку, якая можа сапсаваць нам наша свята. Тут вельмі інтэлігентныя і цікавыя людзі, якія цікавяцца беларускай культурай і нацыянальнай кухняй».
Для магілёўскага актора Уладзімера Пятровіча дранікі гатуюць смачнымі толькі ў Беларусі. Сакрэт смакаты драніка — у ягонай прастаце, лічыць актор:
«У гэтай прастаце ўся геніяльнасьць. Ён просты да непрыстойнасці. Вось у гэтым і ягоная заслуга».
Каб пакаштаваць згатаваныя студэнтамі дранікі, ахвочыя меліся выстаяць немалую чаргу. Іх елі з гуркамі, смятанай ды соўсамі. Пасля быў конкурс на найлепшы дранік і канцэрт беларускай музыкі. Арганізатары «Дранік-фэсту» спадзяюцца, што ён стане традыцыйным.