«Дрэнна спаў, пасварыўся з жонкай». У Гродне міліцыянт патрабуе 3 тысячы за маральную шкоду за распыленне балончыка

8 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна пачаўся разгляд крымінальнай справы Мікіты Самарына. Яго вінавацяць у парушэнні 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

drakkar_grodno_2018_7.jpg

Разгляд справы вядзе суддзя Руслан Хіхол, вядомы сваімі шматлікімі карнымі пастановамі ў дачыненні грамадскіх аткывістаў па адміністрацыйных справах, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Сёння на працэсе пачалося апытанне сведак, а таксама пацярпелага міліцыянта Сяргея Дайліды. Былі апытаныя сведкі Павел Ціханаў і Аляксей Сініца. Характэрна, што яны сядзелі за шырмай, схаваныя ад удзельнікаў працэсу і прысутных на судзе. Наступнае паседжанне суда адбудзецца заўтра, 9 снежня а 15-й гадзіне.

У пацярпелага, паведамляе TUT.BY, няма траўмаў, якія прывялі да страты здароўя. Ён заявіў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды: тры тысячы рублёў. Суму тлумачыць тым, што «доўга не мог акрыяць, кожны дзень успамінаў гэты нядобры момант, дрэнна спаў, пасварыўся з жонкай, перажываў за сваё здароўе».

Абвінавачаны пазоў не прызнаў. На яго думку, у гэтай сітуацыі не магло быць нанесена маральнай шкоды.

Мікіту Самарына затрымалі супрацоўнікі органаў 6 кастрычніка. Яго жорстка збівалі і здзекваліся, пры катаваннях хлопцу нажом адрэзалі доўгія валасы, а таксама пырскалі ў вочы газавым балончыкам. Пазней яго забрала хуткая — у Самарына былі шматлікія траўмы і апёкі вачэй. Мікіта Самарын быў узяты пад варту і зняволены ў следчым ізалятары на вуліцы Кірава.

15 кастрычніка МУС апублікаваў відэа: на ім Самарын расказвае, як адбіваў чалавека ў людзей у цывільным непадалёк будынку Кастрычніцкага РАУС Гродне. Самарын пырснуў пярцовым балончыкам у бок тых, хто гвалтоўна затрымліваў людзей, пазней ён хаваўся.

Мікіту Самарыну 29 гадоў. Працяглы час ён займаўся рамонтам старых аўтамабіляў, сябра клуба рэканструктараў рэтрааўтамабіляў «Вінтаж». Не раз удзельнічаў у фотасэсіях і гарадскіх фэстах.