Дваіх юнакоў адлічылі з ФПМІ БДУ за падтрымку студэнтаў-палітвязняў
Студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Савелія Дубовіка і Вольгу Вайтовіч 1 чэрвеня адлічылі з ВНУ. Савелій вучыўся на першым курсе, Вольга — на другім, піша «Наша Ніва».
![Вольга і Савелій. Фота з тэлеграм-канала ФПМІ-97. Вольга і Савелій. Фота з тэлеграм-канала ФПМІ-97.](/img/v1/images/2021_06_03124634_enmdm.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вольга і Савелій. Фота з тэлеграм-канала ФПМІ-97.
Афіцыйнай прычынай стала парушэнне артыкула 5.5 Статута БДУ. У ім гаворыцца, што студэнты не павінны «ўчыняць дзеянняў, за якія заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная альбо крымінальная адказнасць».
Справа ў тым, што юнакоў затрымалі ў дзень, калі пачаўся судовы працэс па справе студэнтаў. Да вечара іх пратрымалі ў пастарунку, склалі пратаколы, а на наступным тыдні асудзілі на 100 базавых велічынь штрафу кожнага.
«Мы проста хацелі трапіць на суд над людзьмі, з якімі вучыліся на розных паверхах, але ў адным корпусе. Трапіць так і не атрымалася», — тлумачыць Савелій.
«Прыйшлі, каб падтрымаць студэнтаў, з якімі вучыліся ў адным корпусе», — фактычна тое ж гаворыць Вольга.
І ў Вайтовіч, і ў Дубовіка гэта былі першыя затрыманні. Яшчэ ў лістападзе 2020 яны атрымалі папярэджанні за ўдзел у студэнцкіх акцыях ва ўніверсітэце. На падставе другога папярэджання іх і выключылі з універсітэта.
«Рашэнне дакладна прымаў не дэкан, а хтосьці вышэй, — кажа Савелій Дубовік. — На працягу ўсяго тыдня дэкан спрабаваў выйсці проста на вынясенне нам вымовы».
Вольга кажа, што праблем з вучобай у яе ніколі не ўзнікала. Сярэдні бал — 8,8. Савелій на гэтае ж пытанне адказвае з усмешкай: «Сярэдні бал крыху ніжэйшы, чым у Вольгі».
Вайтовіч родам з Іванава Брэсцкай вобласці, Дубовік — мінчук. «Цяпер планую здаваць цэнтралізаванае тэставанне. Хачу паступаць наноў», — кажа дзяўчына.
«Калі шчыра, то не ведаю, што рабіць. Паступаць зноў хочацца, але не апускаць планку пасля ФПМІ», — адказвае хлопец.