Дырэктар завода «Бульбашъ» абвінавачвае Зінаіду Цімошак у распальванні міжнацыянальнай варожасці

Як паведаміла жыхарка Слуцка Зінаіда Цімошак, у адказ на яе зварот аб знявазе беларусаў праз брэнд гарэлкі «Бульбашъ» дырэктар завода Міхаіл Лявончык перасцярог яе ад такога памылковага шляху, як распальванне міжнацыянальнай варожасці і прыніжэнне нацыянальнага гонару беларусаў.

cce4d66d74f5bfe5dfc8f734709e0235.jpg


Нагадаем, што хваля зваротаў, у тым ліку да ТАА «Завод Бульбашъ», узнікла пасля творчага адказу з Слуцкага хлебзавода пра назву гатунку хлеба «Бульбаш». Грамадзяне краіны прыгадалі, дзе яшчэ ўжываецца, на іх думку, ганебны назоў беларусаў.

У адказе на зварот датычна сваёй прадукцыі Міхаіл Лявончык напісаў, што таварны знак «Бульбашъ» зарэгістраваны ў адпаведнасці з нормамі беларускага і міжнароднага права, а «наданне» гэтаму слову Зінаідай Цімошак «адмоўнай нацыянальнай афарбоўкі скіравана на распальванне міжнацыянальнай варожасці, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці».


img_1132_logo.jpg


Застаецца толькі дзівіцца такому цынізму кіраўніка вытворчасці, які спрабуе перавярнуць усё дагары нагамі, — гаворыць жыхарка горада Слуцка. — Да таго ж у сваім адказе Міхаіл Лявончык сцвярджае, што ў сваёй дзейнасці ён кіруецца Канстытуцыяй Беларусі, дэкрэтамі і ўказамі кіраўніка дзяржавы. Прыйшлося даслаць яму новы ліст, дзе я выказала сумненне ў тым, што менавіта Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і ўказы кіраўніка краіны падказалі яму ўжываць такі зняважлівы гарэлачны брэнд «Бульбашъ». Падаецца, што кіраўнік прадпрыемства робіць выгляд, што ён толькі што нарадзіўся на свет і лічыць, што менавіта я надаю гэтаму слову адмоўную нацыянальную афарбоўку.

Прыйшлося распавесці яму пра прыклад з жыццёвай практыкі аўтара ліста ў газету «Новы час» Алеся Сярожкіна і ўкласці гэты ліст у дадатак да новага звароту. Можа, калі пачытае, як хлапец з Воршы адстаяў годнасць беларусаў падчас працы ў Маскве, дык трохі святлей стане ў галаве чалавека?

img_1136_logo.jpg


Па словах жанчыны, некалькі случчан, якім яна дала пачытаць адказ кіраўніка завода, таксама падзівіліся пакручанасці дырэктарскіх думак.
«Як можа такі чалавек кіраваць заводам і рабіць выгляд, што ён не ведае таго, што ведае кожны беларус?» — дзівіцца жанчына, якая гандлюе на гарадскім кірмашы.
«Вельмі сумна, што кіраўнік завода не саромеецца прыкрывацца Асноўным законам краіны і пляваць у вочы суграмадзянам. Відавочна, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь для некаторых людзей толькі паперка, якой яны прыкрываюць свае прыкрыя ўчынкі», — гаворыць Аляксей, малады настаўнік.
Напрыканцы свайго ліста Зінаіда Цімошак напісала, што яна не жадае поспехаў у працы Міхаілу Лявончыку, бо хоча, каб беларусы не куплялі гарэлкі «Бульбашъ».