Дзеці з сіндромам Даўна запусцяць у неба жоўтыя шарыкі
У Міжнародны дзень абароны дзяцей, 1 чэрвеня, дзеці з сіндромам Дауна і іх блізкія збяруцца ў 18.00 у розных гарадах краіны, каб адначасова запусціць у неба жоўтыя паветраныя шары.
Акцыя пройдзе ў Менску
(Цэнтральны дзіцячы парк ім. М. Горкага), а таксама ва ўсіх абласных і
некаторых раённых цэнтрах Беларусі. Арганізатары мерапрыемства — супольнасць
бацькоў дзяцей з сіндромам Даўна і сацыяльны праект «Рэспубліка Сонейка».
Асноўная мэта акцыі — нагадаць, што сіндром Даўна — самая распаўсюджаная ў свеце генетычная анамалія, і вельмі важна, каб людзі з лішняй храмасомай былі ўцягнутыя ў жыццё грамадства, прычым з ранніх гадоў.
«Мы хочам, каб у грамадстве фармавалася аб'ектыўнае ўяўленне аб гэтай генетычнай асаблівасці. На жаль, стэрэатыпы, якія склаліся, пра здольнасці дзяцей з сіндромам Даўна шмат у чым абмяжоўваюць іх магчымасці для самарэалізацыі, — распавядае арганізатар акцыі Кацярына Філанец. — Безумоўна, нашым дзецям цяжэй вучыцца, але гэта не значыць, што яны не могуць хадзіць у звычайны дзіцячы сад ці ў агульнаадукацыйную школу. Важна, каб у іх была такая магчымасць, бо зносіны і сацыяльныя кантакты для дзяцей з сіндромам Даўна не менш важныя, чым для любога дзіцяці».
Да акцыі можа далучыцца кожны жадаючы - інфармацыю пра месцы збору ўдзельнікаў у розных гарадах можна ўдакладніць у арганізатараў па тэлефоне +375 (29) 632-71-25, а таксама ў суполках праекта «Рэспубліка Сонейка» у сацсетках ВКонтакте і Facebook.
Падтрымаць акцыю можна таксама ў сацыяльных сетках: распавесці пра яе сябрам і знаёмым, прымацаваўшы сваё фота з жоўтым паветраным шарыкам з хэштэгам #РэспублікаСонейка і #синдромДауна_инклюзия.