Вызначаныя фіналісты конкурсу «Заспявай 4x4»
Журы конкурсу маладых выканаўцаў назвала імёны тых, хто возьме ўдзел у адукацыйнай сэсіі, студыйным запісу і канцэртах ды пазмагаецца далей за галоўны прыз.
![5_500_500avatar.jpg 5_500_500avatar.jpg](/img/v1/images/5_500_500avatar.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
24 заявы было пададзена
сёлета на конкурс «Заспявай 4x4», які ладзяць партал TuzinFM.by і фонд «Вяртанне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма
беларусамі!». Мэта конкурсу — спалучыць беларускую сучасную паэзію з музыкаю. Яго
ўдзельнікі стварылі песні на вершы Эдуарда Акуліна, Ніла Гілевіча, Віктара
Жыбуля, Алеся Плоткі, Антона Рудака ды іншых паэтаў. Журы
конкурсу вызначыла чатыры фіналісты, з якімі будзе далей весціся праца. Гэта
дуэт Марыя Гаўрыленка і Аліна Казачэнка, гурт «Малала», K3tyvana і гурт «Тутэйшыя».
![K3tyvana K3tyvana](/img/v1/images/4_k3tyvana.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
K3tyvana
![Тутэйшыя Тутэйшыя](/img/v1/images/1_tutejshyja.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тутэйшыя
«Я вылучыў для сябе значную частку песень, якія былі пададзеныя на разгляд. Мяне парадавала рознастылёвасць выканаўцаў, але трохі засмуцілі адносна чаканыя і простыя гукавыя рашэнні. Але акурат над гэтым мы і будзем працаваць надалей з фіналістамі. А тых, хто не патрапіў у фінал, заклікаю не складаць рукі і працягваць працаваць далей», – зазначыў сябра журы і лідар гурта «Палац» Алег Хаменка.
Сёлета конкурс «Заспявай 4x4» праходзіць у новым фармаце — з адукацыйнай сесіяй, майстар-класамі, працай у студыі, справаздачнымі канцэртамі. Пераможцу чакае таксама грашовая ўзнагарода (сёлета яна складае 1000 беларускіх рублёў) і запіс відэакліпа. Сачыце за навінамі конкурсу праз суполкі ў Facebook і УКантакце.
![«Малала» «Малала»](/img/v1/images/3_malala.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Малала»
![2_masha_alina.jpg 2_masha_alina.jpg](/img/v1/images/2_masha_alina.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дуэт Марыя Гаўрыленка і Аліна Казачэнка