Дзярждэп ЗША: У Беларусі абмяжоўваецца свабода веравызнання
Канстытуцыя Беларусі гарантуе рэлігійную свабоду, але іншыя законы і палітыка, якую праводзіць улада, яе абмяжоўваюць. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб сітуацыі са свабодай рэлігіі ў свеце ў 2012 годзе, які прадставіў 20 мая дзяржсакратар Джон Кэры.
У раздзеле, прысвечаным Беларусі, адзначаецца, што тэндэнцыі ў пытанні павагі беларускім урадам рэлігійнай свабоды практычна не змяняліся на працягу года. "Улады выбарачна і адвольна
аказваюць націск на рэлігійныя групы, што прывяло да самацэнзуры многіх іх членаў, — адзначаецца ў дакуменце. — Урад выкарыстоўваў палажэнні закона аб рэлігіі, каб перашкаджаць ці
прадухіліць дзейнасць любых рэлігійных груп, акрамя Беларускай праваслаўнай царквы. Закон абмяжоўвае магчымасці рэлігійных груп забяспечваць рэлігійную адукацыю, а таксама свабодна распаўсюджваць
рэлігійную літаратуру".
Акрамя таго, адзначаецца, што ўлады праследвалі і штрафавалі членаў некаторых рэлігійных груп. "Замежныя місіянеры, духавенства, валанцёры, якія належаць да пратэстанцкай і Рымскай
каталіцкай царквы, сутыкаліся з шэрагам цяжкасцяў, у тым ліку дэпартацыяй, адмовамі ў выдачы віз ці ануляванні ўжо выдадзеных віз. Паступалі паведамленні пра сацыяльныя злоўжыванні і дыскрымінацыю па
рэлігійнай прыкмеце. Большасць выпадкаў вандалізму таксама датычыліся рэлігійных сайтаў, будынкаў і мемарыялаў", — гаворыцца ў дакладзе.
У ім таксама адзначаецца, што многія рэлігійныя групы працягваюць сутыкацца з цяжкасцямі пры арэндзе, куплі ці рэгістрацыі ўласнасці для стварэння храма.
У дакладзе падкрэсліваецца, што пасольства ЗША ў Беларусі прадоўжыць працу па падтрымцы рэлігійнай свабоды. "Супрацоўнікі пасольства падтрымліваюць рэгулярныя кантакты з прадстаўнікамі розных рэлігійных груп, наведваюць мерапрыемствы, арганізаваныя гэтымі групамі, і цэрквы, на якія аказваецца націск, а таксама выступаюць супраць праяў антысемітызму і адсочваюць выпадкі парушэння рэлігійнай свабоды", — адзначаецца ў дакуменце.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН