Дзень БНР адзначылі ў Брэсце (фота)

Сацыял-дэмакраты і «Гавары праўду» ў Брэсце прапануюць ушанаваць памяць палітычнага і навуковага дзеяча БНР і БССР Аляксандра Цвікевіча.  



У Брэсце прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і кампаніі «Гавары праўду» правялі шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Паколькі гэтая знамянальная дата ўладамі ігнаруецца, то галоўны ўпор мы робім на асветніцкую і інфармацыйную працу. Намі падрыхтаваны спецыяльны выпуск бюлетэня "За наш горад", які цалкам прысвечаны гісторыі абвяшчэння незалежнасці і бацькам-заснавальнікам БНР, у тым ліку выхадцам з Берасцейшчыны», — каментуе сваю матывацыю старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.

Па словах Маслоўскага, сучасная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай Грамады (1903–1918). «Так гучыць п. 1.1 Статута нашай партыі. Падрыхтоўка і абвяшчэнне незалежнасці была здзейснена нашымі ідэйнымі папярэднікамі: сацыял-дэмакратамі і сацыялістамі. І першы Урад таксама быў і беларускім і сацыялістычным, а не як імкнуцца некаторыя паднесці — нацыянальна-буржуазным і нейкім іншым», — дадаў палітык.

Адно з месцаў распаўсюджвання інфармацыйнага бюлетэня сацыял-дэмакраты і гаварыпраўдаўцы абралі нездарма — насупраць «старога» корпуса БрДУ ім. А.С. Пушкіна. Менавіта тут размяшчалася мужчынская гімназія, у якой вучыўся будучы гісторык, філосаф, дыпламат, прэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, а затым адзін з заснавальнікаў акадэміі навук БССР Аляксандр Цвікевіч.

«Сёння мы накіруем прапановы мясцовым органам улады і адміністрацыі універсітэта аб размяшчэнні на корпусе ўніверсітэта памятнай дошкі, прысвечанай Аляксандру Цвікевічу. На наш погляд, вуліца ці сквер імя А. Цвікевіча ў Брэсце, сталі б годным знакам павагі нашчадкаў гэтаму легендарнаму берасцейцу» — каментуе прапанову ўдзельнік акцыі Валянцін Лазарэнкаў.

У першай палове дня прадстаўнікі БСДП і “Гавары праўду” разам з іншымі актывістамі палітычных партый і грамадскасці ўсклалі кветкі да магілы Адама Трыпуса на Трышынскіх могілках.

Прэс-служба Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП